Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 74 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Пс 74

1 Навучаньне Асафа. Чаму Ты, Божа, нас назаўсёды адкінуў? Чаму ўзгарэўся гнеў Твой на авечак чарады Тваёй?

2 Узгадай пра грамаду Тваю, якую Ты здаўна набыў, якую бароніш, як кій спадчыны Сваёй, гару Сыён, на якой Ты жывеш!

3 Зьвярні стопы Твае да таго, што загінула назаўсёды, усё панішчыў вораг у сьвятыні.

4 Рыкаюць ненавісьнікі Твае пасярод [намёту] спатканьня Твайго; паставілі на знак [гэтага] знакі свае.

5 Яны падобны да тых, што падымаюць у гушчары лясным сякеру,

6 і цяпер усе рэзьбленыя рэчы ў [сьвятыні] бярдышамі і молатамі крышаць.

7 Яны пусьцілі з агнём сьвятыню Тваю, [кінуўшы] на зямлю, апаганілі сялібу імя Твайго.

8 Сказалі ў сэрцы сваім: «Усё зруйнуем дазваньня!»; папалілі ўсе [месцы] спатканьня з Богам на зямлі.

9 Знакаў нашых ня бачым мы болей; няма больш прарока, і нікога няма, хто б ведаў, як доўга гэта будзе.

10 Як доўга, Божа, будзе зьневажаць прыгнятальнік? Ці заўсёды вораг будзе пагарджаць імем Тваім?

11 Чаму Ты стрымліваеш руку Тваю і правіцу Тваю? Вым яе з-за пазухі Тваёй і ўдар!

12 Бог ёсьць Валадар мой заўсёды, Які збаўленьне дае на зямлі.

13 Ты моцай Тваёй разьдзяліў мора, скрышыў галовы цмокаў у водах.

14 Ты раструшчыў галаву левіятану, аддаў яго на ежу народу, што жыве ў пустыні.

15 Ты расьсек крыніцу і ручай, Ты высушыў рэкі магутныя.

16 Твой ёсьць дзень, і Твая ёсьць ноч; Ты ўмацаваў сьвятло і сонца.

17 Ты назначыў усе межы зямлі; лета і зіму — Ты іх уфармаваў.

18 Памятай пра гэта: вораг зьневажае ГОСПАДА, і народ бязглузды пагарджае імем Тваім!

19 Не аддавай хеўры [гэтай] душу туркаўкі Тваёй; не забудзь назаўсёды грамаду прыгнечаных Тваіх.

20 Узглянь на запавет Твой, бо цёмныя месцы зямлі напоўненыя сялібамі гвалту.

21 Няхай не вяртаецца ўцісьнёны асаромленым, няхай бедныя і прыгнечаныя хваляць імя Тваё!

22 Паўстань, Божа! Змагайся ў справе Тваёй! Узгадай, што бязглузды ганьбіць Цябе кожны дзень.

23 Не забудзь голас ненавісьнікаў Тваіх, гармідар тых, якія паўстаюць супраць Цябе, што ўсьцяж узьнімаецца!

Сачыце за намі:



Аб'явы