ПСАЛТЫР 71 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 71 1 У Табе, ГОСПАДЗЕ, я маю надзею. Ня дай мне асароміцца на вякі! 2 Паводле праведнасьці Тваёй выратуй мяне і вызвалі! Прыхілі да мяне вуха Тваё і збаў мяне! 3 Будзь мне скалой, дзе сяліба мая, куды прыходжу заўсёды, дзе Ты даў загад, каб збавіць мяне, бо Ты — скала мая і замчышча маё. 4 Божа мой, вызваль мяне з рукі бязбожніка, з рукі беззаконьніка і прыгнятальніка. 5 Бо Ты — надзея мая, Госпадзе, ГОСПАДЗЕ, пэўнасьць мая з маладосьці маёй! 6 На Цябе я абапіраўся ад чэрава [маці]; з нутра маці маёй Ты вывеў мяне; дык Табе заўсёды хвала мая! 7 Быццам дзіва стаўся я для многіх, але Ты — прыстанішча маё моцнае. 8 Няхай будуць напоўненыя вусны мае хвалой Табе, кожны дзень — услаўленьнем Цябе. 9 Не адкінь мяне ў час старасьці маёй. Калі зьнікнуць сілы мае, Ты не пакінь мяне! 10 Бо змаўляюцца ворагі мае супраць мяне, і тыя, што сочаць за душою маёй, радзяцца між сабою, 11 кажучы: «Бог пакінуў яго; дык ганіцеся за ім і схапіце яго, бо няма ў яго ратунку!» 12 Божа, не аддаляйся ад мяне! Божа мой, пасьпяшайся на ўспамогу мне! 13 Няхай будуць асаромленыя і зьнішчаныя тыя, што супрацьстаяць душы маёй! Няхай ганьбай і сорамам пакрыюцца тыя, што шукаюць ліхога для мяне! 14 А я заўсёды буду спадзявацца і множыць усю хвалу Тваю. 15 Вусны мае будуць абвяшчаць праведнасьць Тваю, і цэлы дзень — выратаваньне Тваё, бо ім лічбы ня ведаю я! 16 Перайду да магутнасьці Госпада, ГОСПАДА, буду ўзгадваць праведнасьць Тваю, толькі Тваю! 17 Божа, Ты вучыў мяне з маладосьці маёй, і дагэтуль я пра цуды Твае апавядаю. 18 І да старасьці, і да сівізны не пакідай мяне, Божа, пакуль я пра рамяно Тваё не распавяду пакаленьню гэтаму і пра магутнасьць Тваю — усім, што народзяцца яшчэ. 19 Бо праведнасьць Твая, Божа, аж да вышыняў, Ты чыніш вялікія рэчы. Божа, хто падобны да Цябе? 20 Ты даў нам угледзець шмат трывог і ліха, але Ты вернеш нас да жыцьця і з бяздоньняў зямлі зноў узьнімеш нас. 21 Ты памножыш велічнасьць маю і зноў пацешыш мяне. 22 Дык я буду славіць на музычных інструмэнтах Цябе, мой Божа, і праўду Тваю! Буду выслаўляць Цябе на гусьлях, Сьвяты Ізраіля! 23 Узрадуюцца вусны мае, бо я Цябе выслаўляю, і душа мая, што Ты выбавіў яе. 24 І язык мой будзе цэлы дзень разважаць пра праведнасьць Тваю, бо асаромленыя і ў ганьбе тыя, што шукалі ліха для мяне. |