ПСАЛТЫР 7 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 7 1 Лямант Давіда, які засьпяваў ён ГОСПАДУ з прычыны Куша, сына Бэн’яміна. 2 ГОСПАДЗЕ, Божа мой! У Табе маю надзею! Збаў мяне ад усіх перасьледвальнікаў маіх і вызваль мяне, 3 каб ня ўзяў, быццам леў, душы маёй і не разарваў мяне, калі няма каму ратаваць! 4 ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Калі я ўчыніў гэткае, калі ёсьць беззаконьне ў руках маіх, 5 калі зло я зрабіў таму, хто жыў са мной мірна, і не ратаваў таго, хто ўціскаў мяне без прычыны, 6 тады няхай перасьледуе вораг душу маю і дагоніць, няхай утопча ў зямлю жыцьцё маё і славу маю кіне ў пыл! (Сэлях) 7 Паўстань, ГОСПАДЗЕ, у гневе Тваім! Узьніміся супраць лютасьці тых, якія ўціскаюць мяне! Збудзіся, Божа мой, на суд, які Ты прызначыў! 8 І зьбярэцца сход народаў вакол Цябе, і Ты зьвернешся да іх з вышыні. 9 ГОСПАДЗЕ, асудзі народы. Судзі мяне, ГОСПАДЗЕ, паводле праведнасьці маёй і паводле беззаганнасьці маёй, што ёсьць у-ва мне! 10 Няхай счэзьне ліхота бязбожнікаў, але ўмацуй праведнага Ты, Які выспрабоўваеш сэрцы і ныркі, Божа Праведны! 11 Шчыт мой у Бога, Які збаўляе шчырых сэрцам, 12 у Бога, Які судзіць праведнага, і ў Бога, Які гневаецца штодзень [на бязбожніка]. 13 Калі той не навернецца, Ён вострыць меч Свой, нацягнуў лук Свой і падрыхтаваў, 14 і паклаў на яго прылады сьмерці, стрэлы Свае Ён робіць распаленымі. 15 Вось, [бязбожнік] зачаў злачынства, і цяжарны ліхоцьцем, і народзіць хлусьню. 16 Яму капаў ён і выкапаў, і сам уваліцца ў дол, які зрабіў. 17 Ліхоцьце зьвернецца на галаву ягоную, і на цемя ягонае зыйдзе няправасьць ягоная. 18 Буду славіць ГОСПАДА паводле праведнасьці Ягонай і выслаўляць імя ГОСПАДА Найвышэйшага. |