ПСАЛТЫР 61 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 61 1 Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Давіда. 2 Пачуй, Божа, галашэньне маё, зваж на малітву маю! 3 Ад краю зямлі да Цябе клічу, калі зьнемагае сэрца маё; на скалу, што ўзвышаецца нада мною, узьвядзі мяне! 4 Бо Ты быў прыстанішчам маім, вежай моцы маёй супраць ворага. 5 Буду жыць у намёце Тваім вечна, маю надзею пад заслонаю крылаў Тваіх. (Сэлях) 6 Бо Ты, Божа, чуў абяцаньні мае, Ты даў валоданьне тым, што баяцца імя Твайго. 7 Дадай дні да дзён валадара, няхай гады яго [будуць] з пакаленьня ў пакаленьне, 8 Няхай жыве вечна перад абліччам Божым; прызнач міласэрнасьць і праўду, каб захоўвалі яго! 9 Дык буду выслаўляць імя Тваё на вякі, буду спаўняць абяцаньні мае кожны дзень. |