ПСАЛТЫР 58 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 58 1 Кіраўніку хору: на лад: “Не загубляй!” Залатая песьня Давіда. 2 Ці сапраўды маўчаньнем прамаўляеце праведна? Ці справядліва судзіце сыноў чалавечых? 3 Але ж у сэрцы вы ўчынілі беззаконьне, злачынствы рук вашых на зямлі ўзважылі. 4 Ад улоньня [маці] адступіліся [ад Бога] бязбожнікі, блукаюць ад нараджэньня тыя, якія кажуць хлусьню. 5 Атрута іхняя — як атрута зьмяі, гадзюкі глухой, што вушы свае затыкае 6 і ня чуе голасу шаптуна, які заклінаць заклёнамі ўмее. 7 Божа, скрышы зубы іхнія ў вуснах іхніх! Выбі іклы львянятам, ГОСПАДЗЕ! 8 Няхай зьнікнуць яны як вада, што разьлілася; няхай, калі будуць нацягваць [лук], паломяцца стрэлы іхнія! 9 Няхай як сьлімак, што ледзьве паўзе, яны счэзнуць! Няхай як спарон жанчыны яны сонца ня ўбачаць! 10 Перш, чым катлы вашыя адчуюць [агонь ад] цярніны, няхай раскідае бура [цярніну], ці сьвежую, ці распаленую. 11 Узрадуецца праведнік, калі ўбачыць помсту; ён абмые стопы свае ў крыві бязбожнікаў! 12 І скажа [кожны] чалавек: «Сапраўды, ёсьць плод у праведніка! Сапраўды, ёсьць Бог, Які судзіць на зямлі!» |