ПСАЛТЫР 51 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 51 1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда, 2 калі прарок Натан прыйшоў да яго пасьля таго, як ён увайшоў да Батшэвы. 3 Зьлітуйся нада мною, Божа, паводле міласэрнасьці Тваёй, і праз вялікую літасьць Тваю даруй правіны мае! 4 Абмый мяне ўсяго ад беззаконьня майго і ачысьці мяне ад грэху майго. 5 Бо я ведаю правіну маю, і грэх мой перада мною заўсёды. 6 Супраць Цябе, толькі супраць Цябе саграшыў я і ліхое ўчыніў перад вачыма Тваімі, бо Ты праведны ў словах Тваіх і чысты ў судзе Тваім. 7 Вось, я ў беззаконьні нарадзіўся, і ў грэху зачала мяне маці мая. 8 Вось, Табе даспадобы праўда ў нутры, дык дай мне пазнаць мудрасьць у сэрцы маім. 9 Акрапі мяне ізопам, каб я ачысьціўся; абмый мяне, каб я стаўся бялейшым за сьнег. 10 Дай мне пачуць радасьць і вясёласьць, каб узьвесяліліся косткі, якія Ты скрышыў. 11 Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і прабач мне ўсе беззаконьні мае. 12 Сэрца чыстае ствары ў-ва мне, Божа, і дух упэўнены аднаві ў-ва мне. 13 Не адкінь Ты мяне ад аблічча Твайго і Духа Сьвятога Твайго не забірай у мяне! 14 Вярні мне радасьць збаўленьня Твайго, і духам шляхетным падтрымай мяне, 15 і я буду навучаць адступнікаў шляхам Тваім, і грэшнікі вернуцца да Цябе. 16 Вызваль мяне ад [віны] за кроў, Божа, Бог выратаваньня майго, і язык мой будзе крычаць пра праведнасьць Тваю. 17 Адчыні, Госпадзе, вусны мае, і вусны мае будуць абвяшчаць хвалу Тваю. 18 Бо Ты не жадаеш ахвяраў, хоць бы я іх даў, і цэласпаленьні не даспадобы Табе. 19 Ахвяра для Бога — скрышаны дух; сэрцам скрышаным і зламаным Ты, Божа, не пагарджаеш! 20 Рабі добрае Сыёну паводле ласкі Тваёй, збудуй муры Ерусаліму. 21 Тады будуць Табе даспадобы ахвяры праведнасьці, цэласпаленьні і ахвяры дасканалыя; тады быкоў узьнясуць на ахвярнік Твой. |