Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 38 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Пс 38

1 Псальм Давіда. Напамін.

2 ГОСПАДЗЕ, у абурэньні Тваім не карай мяне і ў ярасьці Тваёй не вучы мяне!

3 Бо стрэлы Твае пранізалі мяне, і лягла на мяне рука Твая.

4 Няма цэлага месца ў целе маім дзеля гневу Твайго, няма супакою ў костках маіх дзеля грэху майго.

5 Бо правіны мае ўзьняліся вышэй галавы маёй, як бярэмя цяжкое яны абцяжарваюць мяне.

6 Сьмярдзяць, гнаяцца раны мае дзеля дурасьці маёй.

7 Я скрывіўся, моцна схіліўся, усе дні ў смутку хаджу,

8 бо сьцёгны мае напоўненыя распаленымі [ранамі], і няма цэлага месца ў целе маім.

9 Я зьнямогся і моцна скрышаны, я выю дзеля енку сэрца майго.

10 Госпадзе мой, перад Табою ўсё жаданьне маё, і ўздыханьне маё ад Цябе не схаванае.

11 Сэрца маё трапечацца; пакінула мяне сіла мая, і сьвятло вачэй маіх — няма яго ў мяне.

12 Тыя, што любілі мяне, і бліжнія мае стаяць насупраць ранаў маіх, і сваякі мае стаяць здалёк ад мяне.

13 Тыя, што шукаюць душу маю, ставяць сіло [на мяне]; а тыя, што жадаюць ліхога для мяне, гавораць пра згубу маю і ўвесь дзень задумваюць падступнасьць.

14 А я, быццам глухі, ня чую, і быццам нямы, які не расчыняе вуснаў сваіх.

15 І стаўся я, быццам чалавек, які ня чуе, і няма дакараньня ў вуснах ягоных.

16 Бо на Цябе, ГОСПАДЗЕ, я спадзяюся; Ты адкажаш, Гос­падзе, Божа мой!

17 Бо я сказаў: «Няхай яны ня радуюцца з мяне! Калі пахіснулася нага мая, няхай яны не вывышаюцца нада мною».

18 Бо я блізкі да падзеньня, і боль мой заўсёды перада мною.

19 Бо беззаконьне маё я апавядаю, сумую дзеля грэху майго.

20 А ворагі мае жывыя і ўзмацняюцца, і шматлікімі сталі тыя, якія няслушна мяне ненавідзяць.

21 Яны плацяць мне злом за дабро; яны супрацьстаяць мне, бо я за добрым ганюся.

22 Не пакінь мяне, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, не аддаляйся ад мяне!

23 Пасьпяшайся на ўспамогу мне, Госпадзе мой, выратаваньне маё!

Сачыце за намі:



Аб'явы