ПСАЛТЫР 37 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 37 1 Давіда. Ня гневайся, [гледзячы] на злачынцаў, не зайздросьці тым, што робяць беззаконьне, 2 бо яны, як трава, хутка ссохнуць, і павянуць, як расьліна зялёная. 3 Спадзявайся на ГОСПАДА і рабі добрае, жыві на зямлі, і захоўвай вернасьць. 4 Насалоджвайся ў ГОСПАДЗЕ, і Ён табе дасьць прагненьні сэрца твайго. 5 Аддай ГОСПАДУ шлях твой і спадзявайся на Яго, і Ён [усё] зробіць, 6 і выведзе праведнасьць тваю як сьвятло, і суд твой — як белы дзень. 7 Ціхі будзь перад ГОСПАДАМ і чакай на Яго, ня гневайся на таго, хто мае посьпех на шляху сваім, на чалавека, які робіць зламыснае. 8 Ухіліся ад гневу, пакінь ярасьць, ня гневайся, каб ты ня стаўся злачынцам, 9 бо злачынцы будуць зьнішчаныя, а тыя, што спадзяюцца на ГОСПАДА, возьмуць у спадчыну зямлю. 10 Яшчэ крыху, і ня будзе бязбожніка; глянеш на месца ягонае, а яго няма! 11 А пакорныя зямлю ў спадчыну возьмуць і будуць насалоджвацца ў мностве супакою. 12 Бязбожнік задумвае ліхое супраць праведнага і скрыгоча на яго зубамі сваімі. 13 Госпад сьмяецца з яго, бо бачыць, што прыходзіць дзень ягоны. 14 Бязбожнікі выцягнулі меч і нацягнулі лук свой, каб паваліць прыгнечанага і беднага, каб замардаваць тых, у каго шлях просты. 15 Меч іхні ўвойдзе ў сэрца іхняе, і лук іхні будзе зламаны. 16 Малое ў праведніка лепшае за багацьце шматлікіх бязбожнікаў. 17 Бо рамёны бязбожнікаў будуць скрышаныя, а праведнікаў падтрымлівае ГОСПАД. 18 Ведае ГОСПАД дні беззаганных, і спадчына іхняя будзе на вякі. 19 Ня будуць яны асаромленыя ў час ліхі, а ў дні голаду будуць насычаныя. 20 Бо загінуць бязбожнікі, і ворагі ГОСПАДА зьнікнуць, як тлустасьць авечак у дыме зьнікае. 21 Бярэ бязбожнік у доўг — і [доўгу] ня верне; а праведнік літуецца і дае. 22 Бо дабраслаўлёныя [Богам] зямлю ў спадчыну возьмуць, а тыя, што праклятыя Ім, будуць зьнішчаныя. 23 ГОСПАД умацоўвае крокі чалавека, калі шлях ягоны даспадобы Яму. 24 Калі ўпадзе, не заб’ецца, бо Госпад падтрымлівае руку ягоную. 25 Я быў малады і стаўся стары, і ня бачыў, каб праведнік быў пакінуты, каб насеньне ягонае шукала хлеба. 26 Кожны дзень ён літуецца і пазычае, і насеньне ягонае мае дабраслаўленьне. 27 Аддаліся ад зла і рабі добрае, і будзеш жыць на вякі. 28 Бо ГОСПАД любіць суд, і Ён не пакіне багабойных Сваіх, на вякі захавае іх, а насеньне бязбожнікаў будзе зьнішчана. 29 Праведнікі возьмуць у спадчыну зямлю і будуць жыць у ёй вечна. 30 Вусны праведніка выказваюць мудрасьць, і язык ягоны гаворыць суд. 31 Закон Бога ягонага ў сэрцы ягоным; ня будуць хістацца крокі ягоныя. 32 Бязбожнік сочыць за праведнікам і шукае, каб прывесьці да сьмерці яго. 33 ГОСПАД не пакіне яго ў руцэ ягонай, не асудзіць яго, калі ён будзе суджаны. 34 Спадзявайся на ГОСПАДА, і захоўвай шлях Ягоны, і Ён узвысіць цябе, каб ты ўзяў у спадчыну зямлю; і калі будуць зьнішчаныя бязбожнікі, ты ўбачыш. 35 Я бачыў бязбожніка, моцнага і разгалінаванага, быццам галінастае тутэйшае дрэва, 36 але прамінуў ён, няма яго, і я шукаў яго, і не знайшоў. 37 Зважай на беззаганнага і глядзі на правага, бо канец [гэтага] чалавека ёсьць супакой. 38 А адступнікі будуць зьнішчаны чыста; і канец бязбожных — зьнішчэньне. 39 Выратаваньне праведнікаў — ад ГОСПАДА, Ён — апора іхняя ў час трывогі. 40 ГОСПАД дапаможа ім і вызваліць іх; Ён вызваліць іх ад бязбожнікаў і збавіць іх, бо яны ў Ім маюць надзею. |