Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 36 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Пс 36

1 Кіраўніку хору. Слугі ГОСПАДА Давіда.

2 Правіна бязбожніка засьведчана ў сэрцы маім: няма страху Божага перад вачыма ягонымі,

3 бо ён ашуквае сябе ў вачах сваіх, нібы шукае беззаконьня свайго, каб узьненавідзець яго.

4 Словы вуснаў ягоных — злачынства і падступнасьць, ён не захацеў разумець, каб рабіць добрае.

5 Ён злачынства надумляе на ложку сваім, ён стаіць на шляху нядобрым і ня грэбуе злом.

6 ГОСПАДЗЕ! Да нябёсаў міласэрнасьць Твая, а вернасьць Твая — аж да аблокаў!

7 Праведнасьць Твая — быццам Божыя горы, суды Твае — як вялізнае бяздоньне! Людзей і скаціну Ты збаўляеш, ГОСПАДЗЕ.

8 Якая каштоўная, Божа, міласэрнасьць Твая! Сыны чалавечыя ў ценю крылаў Тваіх маюць надзею.

9 Яны насычаюцца ад тлустасьці Дому Твайго, і са струмяня асалодаў Тваіх Ты іх поіш,

10 бо крыніца жыцьця — у Табе, у сьвятле Тваім мы бачым сьвятло.

11 Расьцягні міласэрнасьць Тваю над тымі, што ведаюць Цябе, і праведнасьць Тваю — над [людзьмі] са шчырым сэрцам.

12 Няхай не наступіць на мяне нага пыхлівых, і рука бязбожніка няхай ня зрушыць мяне.

13 Там упадуць злачынцы, паваляцца і ня здолеюць паўстаць.

Сачыце за намі:



Аб'явы