ПСАЛТЫР 33 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 33 1 Весяліцеся ў ГОСПАДЗЕ, праведнікі; правым пасуе хвала. 2 Слаўце ГОСПАДА на гусьлях, выслаўляйце Яго на псалтыры дзесяціструнным! 3 Сьпявайце Яму новы сьпеў; спраўна грайце [Яму] пад трубныя гукі. 4 Бо слушнае слова ГОСПАДА, і ўсе творы Ягоныя верныя. 5 Ён любіць праведнасьць і суд; міласэрнасьцю ГОСПАДА напоўнена зямля. 6 Словам ГОСПАДА зроблены нябёсы, а подыхам вуснаў Ягоных — усе войскі іхнія. 7 Ён сабраў як капу воды марскія, Ён склаў іх у скарбніцу бяздоньняў. 8 Няхай баіцца ГОСПАДА ўся зямля, няхай дрыжаць перад Ім усе жыхары сусьвету. 9 Бо Ён сказаў — і сталася, Ён загадаў — і паўстала. 10 ГОСПАД разьбіў намеры паганаў, запярэчыў думкам народаў. 11 Намер ГОСПАДА будзе трываць на вякі, думкі сэрца Ягонага — з пакаленьня ў пакаленьне. 12 Шчасьлівы народ, у якога ГОСПАД ёсьць Бог, народ, які Ён выбраў на спадчыну для Сябе. 13 З неба ГОСПАД глядзіць, Ён бачыць усіх сыноў чалавечых; 14 з месца, дзе Ён жыве, Ён паглядае на ўсіх жыхароў зямлі. 15 Ён уфармаваў сэрца кожнага з іх, Ён зважае на ўсе ўчынкі іхнія. 16 Ня будзе збаўлены валадар войскам вялікім, волат ня вызваліцца праз вялікую сілу сваю; 17 ненадзейны конь для выратаваньня, і вялікая сіла ягоная ня дасьць выбаўленьня. 18 Вось, вока ГОСПАДА над тымі, якія баяцца Яго, якія спадзяюцца на міласэрнасьць Ягоную, 19 што Ён вызваліць ад сьмерці душы іхнія, і захавае жыцьцё ў [час] голаду. 20 Душа нашая чакае на ГОСПАДА; Ён — дапамога наша і шчыт наш. 21 Бо ў Ім радуецца сэрца нашае; бо мы на імя Яго сьвятое спадзяемся. 22 Няхай будзе міласэрнасьць Твая, ГОСПАДЗЕ, над намі, як мы на Цябе спадзяемся! |