ПСАЛТЫР 29 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 29 1 Псальм Давіда. Аддайце ГОСПАДУ, сыны Божыя, аддайце ГОСПАДУ славу і моц! 2 Аддайце ГОСПАДУ славу імя Ягонага, пакланіцеся ГОСПАДУ ў велічы сьвятасьці! 3 Голас ГОСПАДА над водамі; Бог славы загрымеў, ГОСПАД над водамі шматлікімі. 4 Голас ГОСПАДА магутны, голас ГОСПАДА велічны. 5 Голас ГОСПАДА крышыць кедры, ГОСПАД крышыць кедры Лібанскія, 6 і прымушае іх скакаць, быццам цялятаў, Лібан і Сірыён, як маладых аднарогаў. 7 Голас ГОСПАДА выкрасае полымя агню. 8 Голас ГОСПАДА ўстрасае пустыняй, ГОСПАД устрасае пустыняй Кадэш. 9 Ад голасу ГОСПАДА лані зьлягаюць і лясы асыпаюцца, і ў сьвятыні Ягонай усё кажа: «Слава!» 10 Над патопам сядзеў ГОСПАД, і будзе сядзець ГОСПАД, як Валадар, на вякі! 11 ГОСПАД дасьць сілу народу Свайму, ГОСПАД дабраславіць народ Свой супакоем. |