ПСАЛТЫР 27 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 27 1 Давіда. ГОСПАД — сьвятло маё і збаўленьне маё. Каго мне баяцца? ГОСПАД — апора жыцьця майго. Каго мне палохацца? 2 Калі злачынцы выйдуць супраць мяне, каб пажэрці цела маё, прыгнятальнікі і ворагі мае, яны самі спатыкнуцца і ўпадуць. 3 Калі табар вайсковы стане супраць мяне, сэрца маё ня будзе баяцца; калі ўзьнімецца супраць мяне вайна, я і тады спадзявацца буду. 4 Аднаго я прашу ў ГОСПАДА і гэтага толькі шукаю, каб жыць мне ў Доме ГОСПАДА ўсе дні жыцьця майго, каб бачыць хараство ГОСПАДА і разважаць у сьвятыні Ягонай. 5 Бо Ён заслоніць мяне ў схове Сваім у дзень злы, Ён схавае мяне пад заслонай намёту Свайго і ўзьнясе мяне на скалу. 6 Гэтак будзе ўзьнесена цяпер галава мая па-над усімі ворагамі маімі вакол мяне, і буду ахвяроўваць ГОСПАДУ ахвяры ў намёце Ягоным пад трубныя гукі, буду сьпяваць і выслаўляць ГОСПАДА. 7 Пачуй, ГОСПАДЗЕ, голас мой, калі я клічу. Зьлітуйся нада мною і адкажы мне! 8 Пра Цябе кажа сэрца маё: «Шукайце аблічча Маё!» Я буду шукаць, ГОСПАДЗЕ, аблічча Тваё! 9 Не хавай ад мяне аблічча Тваё, не адцурайся ў гневе ад слугі Твайго! Ты быў мне ўспамогай! Не адкідай мяне і не пакінь мяне, Божа збаўленьня майго! 10 Бо бацька мой і маці мая пакінулі мяне, а ГОСПАД прыгарнуў мяне. 11 Навучы мяне, ГОСПАДЗЕ, шляху Твайму, і вядзі мяне роўнай сьцежкай насупраць ворагам маім! 12 Не аддавай мяне ў рукі прыгнятальнікаў маіх, бо сьведкі фальшывыя паўсталі супраць мяне і той, што дыхае няправасьцю. 13 Але я веру, што ўбачу добрасьць ГОСПАДА ў зямлі жывых. 14 Спадзявайся на ГОСПАДА! Будзь цьвёрды і сэрца тваё ўмацуй, і спадзявайся на ГОСПАДА! |