ПСАЛТЫР 26 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 26 1 Давіда. Судзі мяне, ГОСПАДЗЕ, бо хадзіў я ў беззаганнасьці маёй і на ГОСПАДА спадзяваўся, не хістаючыся. 2 Выпрабуй мяне, ГОСПАДЗЕ, і дасьведчы; ачысьці ныркі мае і сэрца маё! 3 Бо міласэрнасьць Твая перад вачыма маімі, і я хаджу ў праўдзе Тваёй. 4 Я не сяджу з людзьмі марнымі, і з крывадушнымі ня буду хадзіць. 5 Я ненавіджу сходы злачынцаў, і з бязбожнікамі ня буду сядзець [разам]. 6 Я абмыю ў нявіннасьці рукі мае і абыйду вакол ахвярніку Твайго, ГОСПАДЗЕ, 7 каб голасна дзякаваць Табе і абвяшчаць усе цуды Твае. 8 ГОСПАДЗЕ, я палюбіў сядзібу Дому Твайго і месца Сялібы славы Тваёй. 9 Не забяры душы маёй з грэшнікамі, ані жыцьця майго з людзьмі крывавымі, 10 у руках якіх брыдота, правіца якіх напоўнена хабарамі. 11 А я буду хадзіць у беззаганнасьці маёй. Вызвалі Ты мяне і зьлітуйся нада мною! 12 Нага мая на роўным [месцы] стаіць; у зграмаджэньнях я буду дабраслаўляць ГОСПАДА. |