ПСАЛТЫР 24 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 24 1 Псальм Давіда. ГОСПАДАВА зямля і тое, што напаўняе яе, сусьвет і ўсё, што жыве ў ім. 2 Бо Ён на моры заснаваў яго, і на рэках угрунтаваў яго. 3 Хто ўзыйдзе на гару ГОСПАДА, і хто стане на месцы Ягоным сьвятым? 4 Той, у каго рукі бязьвінныя і сэрца чыстае, хто душы сваёй да марноты не схіляе і не прысягае крывадушна, 5 той атрымае дабраслаўленьне ад ГОСПАДА і праведнасьць ад Бога збаўленьня свайго. 6 Гэта пакаленьне тых, якія шукаюць Яго, якія шукаюць аблічча Твайго, [Бог] Якуба! (Сэлях) 7 Узьніміце, брамы, вярхі вашыя! Узьніміцеся, дзьверы адвечныя, каб увайшоў Валадар славы! 8 Хто-ж ёсьць Валадар славы? ГОСПАД моцны і магутны, ГОСПАД магутны ў бітве. 9 Узьніміце, брамы, вярхі вашыя! Узьніміцеся, дзьверы адвечныя, каб увайшоў Валадар славы! 10 Хто ж ёсьць Валадар славы? ГОСПАД Магуцьцяў — Ён ёсьць Валадар славы! (Сэлях) |