Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 148 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Пс 148

1 Альлелюя! Хвалеце ГОСПАДА з неба, хвалеце Яго на вышынях!

2 Хвалеце Яго, усе анёлы Ягоныя! Хвалеце Яго, усе войскі Ягоныя!

3 Хвалеце Яго, сонца і месяц, хвалеце Яго, усе зоркі ясныя!

4 Хвалеце Яго, нябёсы нябёсаў, і вы, воды, што па-над нябёсамі!

5 Няхай яны хваляць імя ГОСПАДА, бо Ён загадаў, і былі створаныя,

6 і паставіў іх на вякі вечныя; даў ім пастанову, і не пераступяць яе.

7 Хвалеце ГОСПАДА з зямлі, цмокі і ўсе бяздоньні,

8 агонь і град, сьнег і туман, вецер бурны, які дзее паводле слова Ягонага,

9 горы і ўзгоркі ўсе, дрэвы пладовыя і кедры ўсе,

10 зьвяры і ўся скаціна, паўзуны і птаства крылатае,

11 валадары зямныя і ўсе народы, князі і ўсе судзьдзі зямлі,

12 юнакі разам з дзяўчатамі, старыя і маладыя.

13 Няхай яны хваляць імя ГОСПАДА, бо толькі Ягонае імя ўзьвялічанае, слава Ягоная над зямлёю і небам!

14 Ён узьняў рог народу Свайго. Хвала Яму ад усіх багабойных Ягоных, ад сыноў Ізраіля, ад народу, блізкага Яму! Альлелюя!

Сачыце за намі:



Аб'явы