ПСАЛТЫР 146 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 146 1 Альлелюя! Хвалі, душа мая, ГОСПАДА! 2 Хваліць буду ГОСПАДА, пакуль жыву; выслаўляць буду Бога майго, пакуль існую. 3 Не спадзявайцеся на магнатаў, на сына чалавечага, у якім няма выратаваньня! 4 Выйдзе дух з яго, і ён вернецца ў зямлю; у той самы дзень зьнікнуць і задумы ягоныя. 5 Шчасьлівы той, у каго Бог Якуба — дапамога, у каго надзея на ГОСПАДА, Бога ягонага, 6 Які стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў ім, Які захоўвае праўду на вякі, 7 Які ўчыняе суд для пакрыўджаных, дае хлеба галодным. ГОСПАД разьвязвае зьвязаных, 8 ГОСПАД расплюшчвае [вочы] сьляпых, ГОСПАД падымае прыгнечаных, ГОСПАД любіць праведных. 9 ГОСПАД захоўвае прыхадняў, дапамагае сіротам і ўдовам, але шлях бязбожнікаў блытае. 10 Валадарыць ГОСПАД на вякі; Бог твой, Сыёне, — з пакаленьня ў пакаленьне! Альлелюя! |