ПСАЛТЫР 139 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 139 1 Кіраўніку хору. Давіда. Псальм. ГОСПАДЗЕ, Ты дасьледаваў мяне і ведаеш [мяне]. 2 Ты ведаеш, калі я сядаю і калі я ўстаю; разумееш думку маю здалёк. 3 Сьцежку маю і ляжаньне маё Ты спазнаў, і ўсе шляхі мае Табе вядомыя. 4 Бо няма яшчэ словаў на языку маім, а Ты, ГОСПАДЗЕ, ведаеш усё. 5 Ззаду і сьпераду Ты абняў мяне і паклаў на мяне руку Тваю. 6 Надзвычай дзівоснае веданьне, перавышае мяне, не магу яго сьцяміць! 7 Куды мне ісьці ад Духа Твайго і ад аблічча Твайго куды ўцячы? 8 Калі б я ўзыйшоў на неба, Ты там; калі б паслаў сабе [ложак] у пекле, — вось, [і там] Ты! 9 Калі б я ўзяў крылы сьвітаньня, калі б пасяліўся на канцы мора, 10 там таксама рука Твая вадзіла б мяне, і трымала б мяне правіца Твая. 11 Калі б я сказаў: «Няхай цемра пакрые мяне, і ноччу няхай станецца сьвятло вакол мяне», 12 дык і цемра ня будзе цёмнай для Цябе, і ноч заясьнее, як дзень; цемра, як сьвятло. 13 Бо Ты стварыў ныркі мае, выткаў мяне ва ўлоньні маці маёй. 14 Слаўлю Цябе, бо я захапляльна і дзівосна збудаваны; цудоўныя справы Твае, і душа мая ведае [гэта] добра. 15 Не былі схаваныя косткі мае перад Табою, калі я кшталтаваўся пад заслонай, быў вытканы ў глыбінях зямлі. 16 Зародак мой бачылі вочы Твае; і ў кнізе Тваёй запісаны ўсе дні, што былі вызначаны, калі яшчэ ніводнага з іх не было. 17 Якія каштоўныя для мяне думкі Твае, Божа, якая вялікая безьліч іх! 18 Лічу іх, але іх больш, чым пяску. Я буджуся, і я ўсьцяж з Табою. 19 Калі б Ты, Божа, забіў бязбожніка, тады людзі крывавыя адыйдуць ад мяне. 20 Яны гавораць супраць Цябе зламыснае; дарэмна робяць сябе ворагамі Тваімі. 21 Ці ж ня мушу я ненавідзець тых, што ненавідзяць Цябе, ГОСПАДЗЕ, і брыдзіцца тымі, што супраць Цябе паўстаюць? 22 Нянавісьцю поўнай я іх ненавіджу, яны сталіся ворагамі для мяне. 23 Дасьледуй мяне, Божа, і спазнай сэрца маё, выспрабуй мяне і спазнай думкі мае! 24 І паглядзі, ці не на гаротным я шляху, і шляхам вечнасьці вядзі мяне. |