ПСАЛТЫР 138 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 138 1 Давіда. Я буду славіць Цябе ўсім сэрцам; перад абліччам багоў буду выслаўляць Цябе. 2 Пакланюся ў сьвятыні сьвятасьці Тваёй і буду славіць імя Тваё за міласэрнасьць Тваю і праўду Тваю, бо Ты ўзьвялічыў па-над усякае імя Тваё слова Тваё. 3 У дзень, калі я клікаў, Ты адказаў мне, і ўзмоцніў сілаю душу маю. 4 Будуць славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, усе валадары зямлі, бо пачуюць словы вуснаў Тваіх. 5 І будуць сьпяваць пра шляхі ГОСПАДА, бо вялікая слава ГОСПАДА. 6 Бо ўзвышаны ГОСПАД, але бачыць пакорнага і ганарлівага пазнае здалёк. 7 Калі буду хадзіць сярод турботаў, Ты ажывіш мяне, супраць гневу ворагаў маіх Ты выцягнеш руку Тваю, і мяне вызваліць правіца Твая. 8 ГОСПАД выканае [справу маю] для мяне. ГОСПАДЗЕ, міласэрнасьць Твая на вякі! Не пакінь твораў рук Тваіх! Альлелюя! |