ПСАЛТЫР 136 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 136 1 Слаўце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Яго! 2 Слаўце Бога багоў, бо на вякі міласэрнасьць Яго! 3 Слаўце Пана паноў, бо на вякі міласэрнасьць Яго! 4 Таго, Які Сам робіць цуды вялікія, бо на вякі міласэрнасьць Яго: 5 Таго, Які неба ўчыніў з разуменьнем, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 6 Таго, Які зямлю расьцягнуў па-над водамі, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 7 Таго, Які ўчыніў сьвяцілы вялікія, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 8 сонца, каб кіравала днём, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 9 месяц і зоркі, каб кіравалі ноччу, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 10 Таго, Які пабіў Эгіпет у першародных ягоных, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 11 і вывеў Ізраіля спасярод яго, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 12 рукою дужаю і рамяном узьнятым, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 13 Таго, Які Мора Чырвонае расьсек, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 14 і правёў Ізраіля пасярод яго, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 15 і кінуў фараона і войска ягонае ў Мора Чырвонае, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 16 Таго, Які вёў народ Свой праз пустыню, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 17 Таго, Які пабіў валадароў вялікіх, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 18 і забіў валадароў слаўных, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 19 Сыгона, валадара Амарэйскага, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 20 і Ога, валадара Башану, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 21 і аддаў зямлю іхнюю ў спадчыну, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 22 у спадчыну Ізраілю, слузе Свайму, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 23 Таго, Які ў паніжэньні нашым успомніў пра нас, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 24 і выратаваў нас ад прыгнятальнікаў нашых, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 25 Таго, Які дае хлеб усякаму целу, бо на вякі міласэрнасьць Яго. 26 Слаўце Бога нябёсаў, бо на вякі міласэрнасьць Яго! |