ПСАЛТЫР 118 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 118 1 Слаўце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная! 2 Няхай скажа Ізраіль, што на вякі міласэрнасьць Ягоная! 3 Няхай скажа дом Аарона, што на вякі міласэрнасьць Ягоная! 4 Няхай скажуць тыя, што баяцца ГОСПАДА, што на вякі міласэрнасьць Ягоная! 5 У муках клікаў я ГОСПАДА, і Ён адказаў мне, Госпад [вывеў мяне] на вольны прастор. 6 ГОСПАД са мною, я не баюся. Што зробіць мне чалавек? 7 ГОСПАД са мною, Ён — дапамога мая, і я буду глядзець [на загубу] тых, што мяне ненавідзяць. 8 Лепш мець надзею на ГОСПАДА, чым спадзявацца на чалавека. 9 Лепш мець надзею на ГОСПАДА, чым спадзявацца на магнатаў. 10 Усе народы мяне абступілі, але імем ГОСПАДА я перамог іх. 11 Абступілі мяне, абступілі, але імем ГОСПАДА я перамог іх. 12 Абселі мяне, быццам пчолы, і згарэлі яны, як агонь з цярніны, бо імем ГОСПАДА я перамог іх. 13 Пхаючы, папхнулі мяне, каб я ўпаў, але ГОСПАД дапамог мне. 14 ГОСПАД — моц мая і песьня мая, Ён стаўся збаўленьнем маім. 15 Голас радасьці і збаўленьня — у намётах праведнікаў. Правіца ГОСПАДА зьявіла сілу. 16 Правіца ГОСПАДА ўзьнесена, правіца ГОСПАДА зьявіла сілу. 17 Не памру, але буду жыць і буду абвяшчаць пра дзеяньні ГОСПАДА. 18 Караючы, пакараў мяне ГОСПАД, але сьмерці мяне не аддаў. 19 Адчыніце мне брамы праведнасьці; я ўвайду праз іх і буду славіць ГОСПАДА. 20 Вось брама ГОСПАДА; праведнікі ўвойдуць праз яе. 21 Буду славіць Цябе, бо Ты адказаў мне і стаўся збаўленьнем маім! 22 Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла. 23 Ад ГОСПАДА гэта сталася, і [гэта] цуд у вачах нашых! 24 Вось дзень, які стварыў ГОСПАД; будзем весяліцца і радавацца ў ім! 25 Прашу, ГОСПАДЗЕ, збаў цяпер! Прашу, ГОСПАДЗЕ, дай посьпех цяпер! 26 Дабраслаўлёны той, хто прыходзіць у імя ГОСПАДА; мы дабраслаўляем вас з Дому ГОСПАДА. 27 ГОСПАД ёсьць Бог, Ён асьвятліў нас; прывяжыце вяроўкамі сьвяточную [ахвяру] да рагоў ахвярніку! 28 Ты — Бог мой, Цябе я буду славіць, Цябе, Божа мой, вывышаць! 29 Слаўце ГОСПАДА, бо Ён — добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная! |