ПСАЛТЫР 112 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 112 1 Альлелюя! Шчасьлівы той чалавек, які баіцца ГОСПАДА і ў прыказаньнях Ягоных мае ўпадабаньне вялікае. 2 Магутным будзе на зямлі насеньне ягонае; пакаленьне правых будзе дабраслаўлёнае. 3 Маёмасьць і багацьце ў доме ягоным, і праведнасьць ягоная будзе трываць вечна. 4 Узыходзіць у цемры сьвятло правым, літасьцівы і спагадлівы, і праведны [Бог]. 5 Добра чалавеку, які літуецца і пазычае, які справы свае вядзе згодна з судом. 6 Бо ён ніколі не пахісьнецца; у вечнай памяці будзе праведнік. 7 Ня будзе баяцца, чуючы вестку благую; моцнае сэрца ягонае, ён спадзяецца на ГОСПАДА. 8 Умацаванае сэрца ягонае, ён ня будзе баяцца, аж пакуль угледзіць [загубу] прыгнятальнікаў сваіх. 9 Раскідаў, раздаў бедным; праведнасьць ягоная трывае вечна, рог ягоны ўзьнімецца ў славе. 10 Угледзіць гэта бязбожнік і будзе злаваць, скрыгатаць ён будзе зубамі і змарнее, і жаданьне бязбожніка загіне. |