ПСАЛТЫР 111 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 111 1 Альлелюя! Буду славіць ГОСПАДА ўсім сэрцам на нарадзе правых і ў грамадзе. 2 Вялікія дзеяньні ГОСПАДА, годныя ўвагі ўсіх, што імкнуцца да іх. 3 Годнасьць і велічнасьць — справы Ягоныя, і праведнасьць Ягоная будзе трываць вечна. 4 Ён памятнымі зрабіў цуды Свае, ГОСПАД літасьцівы і спагадлівы. 5 Ён ежу дае тым, што баяцца Яго, памятае на вякі запавет Свой. 6 Ён распавёў народу Свайму пра сілу дзеяньняў Сваіх, даючы яму спадчыну народаў. 7 Дзеі рук Ягоных — праўда і суд; усе загады Ягоныя верныя, 8 замацаваныя на вякі вечныя, зробленыя ў праўдзе і справядлівасьці. 9 Збаўленьне паслаў Ён народу Свайму, пастанавіў на вякі запавет Свой; сьвятое і страшнае імя Ягонае! 10 Страх перад ГОСПАДАМ — пачатак мудрасьці; добры розум [маюць] усе, што дзейнічаюць [у страху Божым]. Хвала Ягоная трывае вечна. |