ПСАЛТЫР 109 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 109 1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда. Божа, хвала мая, не маўчы! 2 Бо вусны бязбожныя і вусны здрадлівыя расчыніліся супраць мяне, гавораць са мною языком хлусьлівым. 3 І словамі нянавісьці атачылі мяне, і ваююць супраць мяне без прычыны. 4 За любоў маю яны супрацьстаяць мне, а я малюся. 5 Яны заплацілі мне злом за дабро, і нянавісьцю — за любоў маю. 6 Пастаў над ім бязбожніка, і шатан няхай стане праваруч яго; 7 калі будзе суджаны, няхай будзе як бязбожнік, а малітва ягоная няхай станецца грэхам. 8 Няхай дні ягоныя будуць кароткія, а ўрад ягоны няхай возьме іншы. 9 Няхай сыны ягоныя будуць сіротамі, а жонка ягоная — удавою. 10 Няхай будуць выгнаныя як выгнанцы сыны ягоныя, і няхай жабруюць і шукаюць [хлеба] на руінах сваіх! 11 Няхай захопіць ліхвяр усё, што яму належыць, і няхай чужынцы захопяць працу ягоную. 12 Няхай ня будзе нікога, хто яму зьявіць міласэрнасьць, і няхай ня будзе таго, хто зьлітуецца над сіротамі ягонымі. 13 Насеньне ягонае няхай будзе зьнішчана; у пакаленьні наступным няхай будзе выкрэсьленае імя ягонае! 14 Няхай будзе ўзгаданае беззаконьне бацькоў ягоных перад ГОСПАДАМ, і грэх маці ягонай няхай ня будзе змыты! 15 Няхай будуць яны перад ГОСПАДАМ заўсёды, і няхай Ён вынішчыць на зямлі памяць пра яго, 16 бо ён ня памятаў, каб чыніць міласэрнасьць, і перасьледаваў чалавека беднага, і прыгнечанага, і з сэрцам зламаным, каб забіць яго. 17 Любіў ён праклён, і ён прыйдзе на яго! Не было даспадобы яму дабраслаўленьне, і яно будзе далёка ад яго! 18 І ён апранецца ў праклён, быццам у шату сваю, і [праклён] увойдзе, як вада, у нутро ягонае, і як алей — у косткі ягоныя! 19 Няхай будзе для яго як адзеньне, у якое ён апранаецца, і як пас, якім заўсёды падпярэзваецца! 20 Гэткая будзе плата ад ГОСПАДА для тых, што супрацьстаяць мне, і для тых, што благое гавораць супраць душы маёй! 21 А Ты, ГОСПАДЗЕ, Госпадзе, учыні са мною дзеля імя Твайго, і выратуй мяне, бо добрая міласэрнасьць Твая, 22 бо я бедны і прыгнечаны, і сэрца маё ў нутры маім зранена. 23 Я зыходжу, як цень, што зьнікае; ганяюць мяне, як саранчу. 24 Калені мае ад посту хістаюцца, і цела маё ссохла без алею. 25 І я стаўся ганьбаю для іх, яны глядзяць на мяне, ківаючы галовамі сваімі. 26 Дапамажы мне, ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Збаў мяне паводле міласэрнасьці Тваёй! 27 І даведаюцца яны, што гэта рука Твая, што Ты, ГОСПАДЗЕ, зрабіў гэта! 28 Яны праклінаюць, а Ты дабраславі! Яны паўстаюць [супраць мяне], і будуць асаромленыя, а слуга Твой няхай узрадуецца! 29 Няхай апрануцца ў зьнявагу тыя, што супрацьстаяць мне, і ахінуцца, быццам плашчом, у сорам свой! 30 Я буду гучна славіць ГОСПАДА вуснамі маімі і сярод мноства [народу] буду хваліць Яго, 31 бо Ён стаіць праваруч прыгнечанага, каб збавіць яго ад тых, што асуджаюць душу ягоную. |