Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 107 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Пс 107

1 Слаўце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная!

2 Няхай гэтак скажуць выкупленыя ГОСПАДАМ, якіх Ён выкупіў з рукі прыгнятальніка

3 і сабраў з земляў з усходу і з захаду, з поўначы і ад мора.

4 Яны блукалі па пустыні, па бязьлюдзьдзі, шляху да гораду, дзе будуць жыць, не знайшлі.

5 Былі галоднымі і сасьмяглымі, душа іхняя ў іх зьнемаглася.

6 І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй.

7 І павёў Ён іх шляхам простым, каб прыйшлі да гораду, дзе будуць жыць.

8 Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых,

9 бо Ён насыціў душу спрагнёную і душу галодную напоўніў дабром.

10 Яны сядзелі ў цемры і ў ценю сьмерці, увязьненыя пакутамі і жалезам,

11 бо яны бунтаваліся супраць словаў Бога і радай Найвышэйшага пагрэбавалі.

12 І Ён упакорыў сэрца іхняе нядоляй; яны спатыкнуліся, і не было дапамогі.

13 І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй.

14 Ён вывеў іх з цемры і ценю сьмерці, і кайданы іхнія парваў.

15 Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых,

16 бо Ён скрышыў брамы мядзяныя і расьсек засаўкі жалезныя.

17 Яны [былі] неразумнымі на шляху правінаў сваіх і за беззаконьні свае пакутавалі.

18 Усякая ежа абрыдла душы іхняй, і блізка былі яны ад брамаў сьмерці.

19 І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй.

20 Ён паслаў слова Сваё, і аздаравіў іх, і выбавіў іх ад магілы.

21 Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых!

22 Няхай ахвяруюць ахвяры падзякі, і няхай абвяшчаюць з радасьцю пра дзеяньні Ягоныя!

23 Тыя, што зыходзілі на мора на караблях і вялі справы на водах вялікіх,

24 яны бачылі справы ГОСПАДА і цуды Ягоныя ў глыбінях.

25 Ён сказаў, і стаўся вецер бурны, і ўзьняліся хвалі,

26 і яны ўздымаюцца пад неба, і падаюць у бяздоньне; душа іхняя ў [гэтым] ліху млее,

27 бадзяюцца і хістаюцца, як п’яныя, і ўся мудрасьць іхняя марная.

28 І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй.

29 Ён перамяніў буру ў цішу, і суцішыліся хвалі.

30 І ўзрадаваліся яны, што [ўсё] сьціхла, і Ён іх прывёў да жаданай прыстані.

31 Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых!

32 Няхай вывышаюць Яго ў зборы народу і паміж старшыняў няхай хваляць Яго!

33 Ён перамяніў рэкі ў пустыню і крыніцы водаў — у сухую зямлю,

34 і ўрадлівую зямлю — у салёную, за ліхоту тых, што жывуць на ёй.

35 Ён перамяніў пустыню ў возера водаў і сухую зямлю — у крыніцы водаў,

36 і там пасяліў галодных, і яны паставілі горад, дзе будуць жыць,

37 і засеялі палі, і пасадзілі вінаграднік, і атрымалі плод багаты.

38 І Ён дабраслаўляў іх, і яны множыліся вельмі; і не зьмяншалася ў іх скаціны.

39 Але [пасьля] іх паменшала, і яны схіліліся пад цяжарам ліхоты і смутку.

40 Ён вылівае пагарду на князёў і кідае іх блукаць па пустках без дарогі.

41 Ён падымае прыгнечанага з нэндзы, і робіць плямёны як [чароды] авечак.

42 Убачаць гэта правыя і ўзьвесяляцца; і ўсякая несправядлівасьць закрые вусны свае.

43 Хто мудры, той гэта захавае, і зразумее міласэрнасьць ГОСПАДА!

Сачыце за намі:



Аб'явы