ПСАЛТЫР 10 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 10 1 Чаму стаіш здалёк, ГОСПАДЗЕ, хаваешся ў часе трывогі? 2 Бязбожнік у пыхлівасьці сваёй перасьледуе ўбогага. Няхай будзе ён схоплены ў зламыснасьці, якую надумаў. 3 Бо хваліцца бязбожнік у пажаданьнях душы сваёй, і дабраслаўляе хціўца, і грэбуе ГОСПАДАМ. 4 Бязбожнік у ганарыстасьці гневу свайго не шукае [Бога]. «Няма Бога!» — усе думкі ў яго. 5 Шляхі ягоныя пасьпяховыя ў-ва ўсякі час; суды Твае высока аддаленыя ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх [грэбліва] дзьмухае ён. 6 Ён гаворыць у сэрцы сваім: «Я не пахіснуся, з пакаленьня ў пакаленьне ліха ня будзе [ў мяне]». 7 Вусны ягоныя поўныя праклёнаў, ашуканства і здрады; пад языком ягоным — ліхота і злачынства. 8 Ён сядзіць у засадзе на загуменьнях, у таемным месцы забівае нявіннага; вочы ягоныя сочаць за нешчасьлівым. 9 Ён пільнуе ў засадзе, быццам леў у схове сваім; пільнуе, каб схапіць убогага; хапае ўбогага, уцягваючы яго ў сетку сваю. 10 Ён згінаецца, туліцца [да зямлі], і ад моцы ягонай гіне шмат нешчасьлівых. 11 Ён кажа ў сэрцы сваім: «Бог забыўся, схаваў аблічча Сваё, ня ўбачыць ніколі!» 12 Паўстань, ГОСПАДЗЕ, Божа! Узьнімі руку Тваю, не забывайся пра ўцісканых! 13 Чаму бязбожнік пагарджае Богам, кажучы ў сэрцы сваім: «Ты ня будзеш шукаць [гэтага]»? 14 Але Ты бачыш, Ты глядзіш на ліхоту і гора, каб даць [аднагароду] рукою Тваёй. Табе пакідае [свой лёс] нешчасьлівы; Ты быў дапамогай сіраце. 15 Зламай рамяно бязбожніку і ліхотніку, шукай беззаконьне ягонае, каб больш яго нельга было знайсьці. 16 ГОСПАД — Валадар на вякі вечныя; пагане счэзнуць з зямлі Ягонай. 17 Ты пачуў жаданьне ўцісканых, ГОСПАДЗЕ! Ты ўмацуеш сэрцы іхнія, Ты прыхіліш вуха Тваё, 18 каб даць суд сіраце і пакрыўджанаму, каб больш не палохаў іх чалавек на зямлі! |