ПСАЛТЫР 1 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 1 1 Шчасьлівы чалавек, які не хадзіў паводле рады бязбожнікаў, не стаяў на шляху грэшнікаў і не сядзеў паміж насьмешнікаў, 2 бо да Закону ГОСПАДА імкненьне ягонае і пра Закон Ягоны будзе разважаць ён днём і ноччу. 3 І будзе ён як дрэва, пасаджанае пры цячэньні водаў, якое прыносіць плод свой у часе сваім, і лістота якога ня вяне, і ў-ва ўсім, што ён робіць, ён посьпех мае. 4 Ня гэтак бязбожнікі, яны як мякіна, якую вецер разносіць. 5 Таму не ўстаяць бязбожнікі на судзе, ані грэшнікі ў грамадзе праведных, 6 бо ГОСПАД ведае шлях праведных, а шлях бязбожнікаў загіне. |