Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПЛАЧ 4 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Плач 4

1 Як пацямнела золата, як зьмянілася шчырае золата добрае! Камяні сьвятыні параскіданыя на ростанях усіх вуліцаў.

2 Сыны Сыёну, каштоўныя, якія цэняцца як золата найчысьцейшае, [цяпер] лічацца за посуд гліняны, за працу рук ганчара!

3 Нават цмокі марскія даюць грудзі, кормяць дзіцянят сваіх; а дачка народу майго [сталася] бязьлітаснай, як страус у пустыні.

4 Язык немаўляці ліпне да паднябеньня ад смагі; дзеткі просяць хлеба, і няма нікога, хто адломіць ім [кавалак].

5 Тыя, што елі прысмакі, зьнемагаюць на вуліцах; тыя, што апраналіся ў пурпур, абдыма­юць [купы] гною.

6 І павялічылася беззаконьне дачкі народу майго болей за грэх Садому, які быў перакулены ў адзін момант, і рукі не дакраналіся да яго.

7 Назіры ейныя былі чысьцейшыя за сьнег, бялейшыя за малако, целы іхнія былі чыр­ванейшыя за каралі; яны выглядалі як шафір.

8 [А цяпер] выгляд іхні цямнейшы за сажу; не пазнаюць іх на вуліцах; скура іхняя прыліпла да костак іхніх, высахла, сталася як дрэва.

9 Лепш было забітым мячом, чым забітым голадам, бо тыя канаюць, прабітыя [мячом], а гэтыя — з нястачы пладоў палявых.

10 Рукі жанчынаў чульлівых варылі дзетак сваіх, якія сталіся ежаю для іх у [час] загубы дачкі народу майго.

11 ГОСПАД скончыў гнеў Свой, выліў палючы гнеў Свой і запаліў агонь на Сыёне, і ён зжэр падваліны ягоныя.

12 Ня верылі валадары зямныя і ўсе жыхары сусьвету, што прыгнятальнік і вораг увойдзе ў брамы Ерусаліму.

13 За грахі прарокаў ягоных, за беззаконьні сьвятароў ягоных, якія разьлівалі пасярод яго кроў праведных, [сталася гэта].

14 Яны бадзяліся па вуліцах як сьляпыя, яны заплямленыя крывёю; ніхто ня мог дакранацца да адзеньня іхняга.

15 «Адыйдзіцеся, нячыстыя!» — крычалі на іх. — «Адыйдзіцеся, адыйдзіцеся, не дакранайцеся!» І яны ўцяклі і бадзяліся; і казалі між народамі: «Яны больш ня будуць [тут] жыць».

16 Аблічча ГОСПАДА расьцярушыла іх, Ён больш ня будзе глядзець на іх, [бо] яны абліччы сьвятароў не падымаюць і старым не спагадаюць.

17 Выцяклі вочы нашыя, марна чакаючы дапамогі; на варце [сваёй] выглядалі мы народ, які ня можа збавіць.

18 Яны палююць на крокі нашыя, каб мы не маглі хадзіць па вуліцах нашых. Канец наш блізка; споўніліся дні нашыя, бо прыйшоў канец наш.

19 Хутчэйшыя за арлоў паднебных былі перасьледвальнікі нашыя, па гарах гналіся за намі, у пустыні рабілі засаду на нас.

20 Дух ноздраў нашых, памазанец ГОСПАДА злоўлены ў ямы іхнія, а мы казалі пра яго: «У ценю ягоным будзем жыць між народамі».

21 Весяліся і радуйся, дачка Эдому, якая жывеш у зямлі Уц! Да цябе таксама дойдзе келіх, нап’ешся і аголішся.

22 Скончылася беззаконьне тваё, дачка Сыёну! Ён ня будзе больш выганяць цябе ў палон. Ён наведае беззаконьні твае, дачка Эдому, адкрые грахі твае.

Сачыце за намі:



Аб'явы