ПЕСЬНЯ 6 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Псн 6 1 «Куды пайшоў любы твой, найпрыгажэйшая з жанчынаў? Куды дзеўся любы твой? Мы будзем шукаць яго з табою». 2 «Любы мой пайшоў у сад свой, у кветнік пахошчаў, каб пасьвіць у садах і каб зьбіраць лілеі. 3 Я [належу] любаму майму, а любы мой — мне, ён пасьвіць сярод лілеяў». 4 «Прыгожая ты, сяброўка мая, як Тырца, прывабная як Ерусалім, грозная як полк са сьцягамі. 5 Адвярні вочы твае ад мяне, бо яны хвалююць мяне. Валасы твае — як чарада козаў, якія зыходзяць з Гілеаду. 6 Зубы твае — як чарада стрыжаных авечак, якія выходзяць з купаньня; у кожнай пара ягнятаў, і няплоднай няма сярод іх. 7 Як палова яблыка гранатовага шчочкі твае пад кудзеркамі тваімі. 8 Ёсьць шэсьцьдзясят валадарак, і восемдзясят наложніц, і дзяўчат бяз ліку, 9 але адзіная ты, галубка мая, дасканалая мая, адзіная ў маці сваёй, чыстая ў той, якая нарадзіла цябе. Убачылі яе дзяўчаты, і назвалі шчасьлівай, [убачылі] валадаркі і наложніцы, і хвалілі яе: 10 “Хто ж гэта, якая выходзіць як заранка, прыгожая як месяц, ясная як сонца, грозная як полк са сьцягамі?”» 11 «Я зыйшла ў сад арэхавы, каб паглядзець на зеляніну пры ручаі, каб паглядзець, ці квітнее вінаград, ці ў квецені дрэвы гранатовыя. 12 Не заўважыла душа мая, як пасадзілі мяне ў калясніцу магната народу майго». |