Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПЕСЬНЯ 4 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Псн 4

1 «Якая прыгожая ты, сяброўка мая, якая ты прыгожая! Вочы твае — як галубкі пад кудзеркамі тваімі. Валасы твае — як чарада козаў, якія зыходзяць з гары Гілеад.

2 Зубы твае — як чарада стрыжаных авечак, якія выходзяць з купаньня; у кожнай пара ягнятак, і няплоднай няма сярод іх.

3 Быццам стужка кармазыновая — губы твае, і вусны твае салодкія. Як паловы яблыка гранатовага шчочкі твае пад кудзеркамі тваімі.

4 Як вежа Давідава шыя твая, збудаваная для абароны, тысяча шчытоў завешана на ёй, усё — зброя волатаў.

5 Грудзі твае — як двое казьлянятаў, блізьнятаў сарны, якія пасьвяцца сярод лілеяў.

6 Пакуль дзень дыхае [ветрам] і зьнікаюць цені, пайду на гару міры і на ўзгорак кадзіла.

7 Уся ты прыгожая, сяброўка мая, і заганы няма ў табе.

8 Са мною з Лібану, нявеста мая, са мною з Лібану ідзі; паглядзі з вяршыні Аману, з вяршыні Сэніру і Гермону, з лежышчаў львоў, з гор леапардаў.

9 Паланіла ты сэрца маё, сястра мая нявеста, паланіла ты сэрца маё адным [позіркам] вачэй тваіх, і аднымі пацеркамі на шыі тваёй.

10 Якое цудоўнае каханьне тваё, сястра мая нявеста, лепшае каханьне тваё, чым віно. А пах алейкаў тваіх [лепшы] за ўсе пахошчы.

11 Мёд сотавы сьцякае з вуснаў тваіх, нявеста, мёд і малако пад языком тваім, а водар шатаў тваіх — як водар Лібану.

12 Замкнёны сад — сястра мая, нявеста, замкнёны сад, крыніца запячатаная.

13 Улоньне тваё — сад яблык гранатовых з адборнымі пладамі, кіпэр і нард.

14 Нард і шафран, [пахкі] трысьнёг і цынамон з усімі дрэвамі ладану, міра і альвасу і з усімі найлепшымі пахошчамі.

15 Ты — крыніца ў садзе, студня вады жывой, якая сьця­кае з Лібану.

16 Абудзіся, вецер з поўначы! Прыйдзі, вецер з поўдня; дзьмі на сад мой, і няхай паця­куць пахошчы ягоныя». «Няхай прыйдзе любы мой у сад свой, і няхай есьць найлепшыя плады ягоныя».

Сачыце за намі:



Аб'явы