ПЕСЬНЯ 2 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Псн 2 1 «Я — нарцыс Сарону, лілея даліны!» 2 «Як лілея сярод церняў, так сяброўка мая сярод дзяўчатаў». 3 «Як яблына сярод дрэваў лясных, так любы мой сярод хлопцаў. У ценю ягоным прывабным я села, і плод ягоны салодкі для паднябеньня майго. 4 У дом банкетаваньня ён увёў мяне, і сьцяг ягоны нада мною — каханьне. 5 Падмацуйце мяне пірагамі з разынкамі, асьвяжыце мяне яблыкамі, бо я млею ад каханьня. 6 Левая рука ягоная пад галавою маёй, а правіцай сваёй ён абдымае мяне». 7 «Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія, сарнамі і ланямі палявымі, не будзіце і не падымайце каханую, аж пакуль сама не захоча». 8 «Голас любага майго! Вось, ён ідзе, узыходзіць на горы, пераскоквае ўзгоркі. 9 Любы мой падобны да сарны, да маладога аленя. Вось, ён стаіць за сьцяною нашаю, заглядае праз вакно, зазірае праз краты. 10 Адказаў любы мой і сказаў да мяне: “Уставай, сяброўка мая, прыгажуня мая, і прыходзь. 11 Бо вось, зіма прайшла, дождж спыніўся і перастаў. 12 Пралескі відаць на зямлі, час сьпяваньня настаў, і голас туркаўкі чуваць у зямлі нашай. 13 Дрэва фігавае выдала пупышкі [свае], вінаград квітнее і разьлівае водар. Устань, прыходзь, сяброўка мая; прыгажуня мая, прыходзь! 14 Галубка мая, [што жывеш] у расколінах скалы, у схове пад стромаю, пакажы мне выгляд твой, дай мне пачуць голас твой, бо голас твой салодкі, і выгляд твой прывабны”». 15 «Лавіце нам лісаў, малых лісянятаў, якія нішчаць вінаграднікі, бо вінаграднікі нашыя квітнеюць». 16 «Любы мой [належыць] мне, а я — яму, ён пасьвіць сярод лілеяў. 17 Пакуль дзень дыхае [ветрам] і зьнікаюць цені, вярніся! Будзь падобны, любы мой, да сарны, да маладога аленя на гарах Бэтэр». |