ПЕСЬНЯ 1 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Псн 1 1 Песьня песьняў Салямона. 2 «Няхай ён цалуе мяне пацалункамі вуснаў сваіх!» «Бо пяшчоты твае лепшыя за віно. 3 Пах алейкаў тваіх салодкі. Алей разьліты — імя тваё. Дзеля гэтага дзяўчыны кахаюць цябе». 4 «Цягні мяне за сабой! Пабяжым! Увядзі мяне, валадару, у пакоі свае». «Будзем радавацца і весяліцца з табою, будзем узгадваць пра пяшчоты твае [больш], чым пра віно; заслужана кахаюць цябе!» 5 «Чарнявая я, і зграбная, дочкі Ерусалімскія, як намёты Кедара, як палатніны Салямона. 6 Не глядзіце на мяне, што я смуглявая, бо сонца апаліла мяне. Сыны маці маёй разгневаліся на мяне, паставілі мяне пільнаваць вінаграднікі, а я не ўпільнавала вінаграднік мой. 7 Распавядзі мне, каханьне душы маёй, дзе ты пасьвіш, дзе адпачываеш апоўдні, каб не блукаць мне між чародаў таварышаў тваіх». 8 «Калі ня ведаеш гэтага, найпрыгажэйшая між жанчынаў, дык ідзі па сьлядах авечак, і пасьві казьлянятаў тваіх каля буданоў пастушыных. 9 Да жаробкі ў калясніцы фараона я ўпадобніў цябе, сяброўка мая. 10 Прыгожыя шчочкі твае пад кляйнотамі, шыя твая — у каралях. 11 Мы зробім табе кляйноты залатыя з блішчыкамі срэбнымі». 12 «Пакуль валадар быў за сталом сваім, нард мой разьліваў водар свой. 13 Любы мой для мяне — як мяшэчак з мірам, які начуе на грудзях маіх. 14 Любы мой для мяне — як гронка кіпровая ў вінаградніках Эн-Геды». 15 «Якая прыгожая ты, сяброўка мая, якая прыгожая! Вочы твае — як галубкі». 16 «Які прыгожы ты, любы мой, які цудоўны! Ложак наш — зеляніна, 17 страха дому нашага — кедры, столь нашая — кіпарысы». |