НЭЭМІІ 8 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Нээм 8 1 І сабраўся народ, як адзін чалавек, на плошчы, якая перад Брамай Воднаю, і сказалі Эзры кніжніку, каб прынёс кнігу Закону Майсея, якую ГОСПАД загадаў [выконваць] Ізраілю. 2 І прынёс Эзра сьвятар Закон перад аблічча царквы, [што складалася] з мужчынаў і жанчынаў, і ўсіх, якія разумелі чытанае, у першы дзень сёмага месяца; 3 і чытаў з яго на плошчы, якая перад Брамай Воднаю, ад сьвітанку аж да паўдня перад мужчынамі, жанчынамі і ўсімі, якія разумелі; і вушы ўсяго народу [былі зьвернуты] да кнігі Закону. 4 І стаяў кніжнік Эзра на ўзвышэньні драўляным, якое зрабілі дзеля гэтага; і стаялі каля яго: праваруч яго — Матытыя, Шэмая, Аная, Урыя, Хількія і Маасэя, а леваруч яго — Пэдая, Мішаэль, Малкія, Хашум, Хашбадана, Захарыя і Мэшулям. 5 І разгарнуў Эзра кнігу на вачах усяго народу, бо ён стаяў па-над усім народам; і калі ён разгарнуў яе, устаў увесь народ. 6 І дабраславіў Эзра ГОСПАДА, Бога вялікага. І ўвесь народ адказаў: «Амэн, амэн», падымаючы рукі свае; і пакланіліся, і схіліліся перад ГОСПАДАМ абліччамі да зямлі. 7 І Ешуа, Бані, Шэрэвія, Ямін, Аккуў, Шабэтай, Годыя, Маасэя, Кэліта, Азарыя, Ёзавад, Ханан, Пэлая і лявіты тлумачылі народу Закон, а народ [стаяў] на месцы сваім. 8 І чыталі з кнігі Закону Божага, і выразна тлумачылі значэньне, і яны разумелі чытанае. 9 І Нээмія, ён жа Тыршата, і Эзра, сьвятар і кніжнік, і лявіты, якія навучалі народ, сказалі ўсяму народу: «Дзень гэты пасьвячоны ГОСПАДУ, Богу вашаму, ня будзьце ў жалобе і ня плачце», бо ўвесь народ плакаў, слухаючы словы Закону. 10 І сказаў ім [Нээмія]: «Ідзіце, ешце тлустае і піце салодкае, і пасылайце часткі [страваў] тым, якія не прыгатавалі сабе; бо дзень гэты пасьвячоны Госпаду, Богу вашаму. І не сумуйце, бо радасьць ГОСПАДА — гэта апора ваша». 11 І лявіты супакойвалі ўвесь народ, кажучы: «Супакойцеся, бо дзень гэты сьвяты, і не сумуйце». 12 І пайшоў увесь народ есьці і піць, і пасылаць часткі [страваў], і сьвяткаваць з радасьцю вялікай, бо зразумелі словы, якія паведамілі ім. 13 І на другі дзень сабраліся галовы [дамоў] бацькоў народу, сьвятары і лявіты да Эзры кніжніка, каб разважаць словы Закону. 14 І знайшлі напісанае ў Законе, які ГОСПАД загадаў праз рукі Майсея, каб жылі сыны Ізраіля ў буданах у сьвята, якое ў сёмым месяцы. 15 І таму абвясьцілі і паведамілі ў-ва ўсіх гарадах і ў Ерусаліме, кажучы: «Ідзіце ў горы і прынясіце галінкі аліўкавыя і галінкі сасновыя, і галінкі міртавыя, і галінкі пальмавыя, і галінкі дрэваў лісьцястых, і зрабіце буданы згодна з тым, што напісана». 16 І пайшоў народ, і прынесьлі, і зрабілі сабе буданы, кожны на даху сваім, і на панадворках сваіх, і на панадворках Дому Божага, і на плошчы Брамы Воднай, і на плошчы Брамы Эфраіма. 17 І зрабіла буданы ўся царква тых, якія вярнуліся з палону, і жылі ў буданах. Бо не рабілі так сыны Ізраіля ад дзён Егошуа, сына Нуна, аж да дня гэтага. І была радасьць вельмі вялікая. 18 І чыталі з кнігі Закону Божага дзень у дзень, ад першага дня аж да апошняга дня. І сьвяткавалі сьвята сем дзён, а ў восьмы дзень [сабралі] ўрачысты сход паводле пастановы. |