МАЦЬВЕЯ 8 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Мц 8 1 Калі ж Ён зыйшоў з гары, пайшлі за Ім шматлікія натоўпы. 2 І вось пракажоны, падыйшоўшы, пакланіўся Яму, кажучы: «Госпадзе! Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць». 3 І, працягнуўшы руку, Ісус дакрануўся да яго, кажучы: «Хачу, будзь ачышчаны». І ён адразу ачысьціўся ад праказы сваёй. 4 І кажа яму Ісус: «Глядзі, нікому не кажы, але пайдзі, пакажыся сьвятару і прынясі дар, які загадаў Майсей дзеля сьведчаньня ім». 5 Калі ж увайшоў Ісус у Капэрнаум, падыйшоў да Яго сотнік, просячы Яго 6 і кажучы: «Госпадзе! Слуга мой ляжыць дома спараліжаваны і страшэнна мучыцца». 7 І кажа яму Ісус: «Я, прыйшоўшы, аздараўлю яго». 8 І, адказваючы, сотнік прамовіў: «Госпадзе! Я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлены слуга мой. 9 Бо і я чалавек, які пад уладаю, ды маю пад сабою жаўнераў, і кажу аднаму: “Ідзі”, і ён ідзе; і другому: “Прыйдзі”, і ён прыходзіць; і слузе майму: “Зрабі тое”, і ён робіць». 10 Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, якія за Ім ішлі: «Сапраўды кажу вам, нідзе ў Ізраілі Я не знайшоў гэткае веры. 11 Кажу ж вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і ўзьлягуць з Абрагамам, і Ісаакам, і Якубам у Валадарстве Нябесным, 12 а сыны Валадарства будуць выгнаныя ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў». 13 І сказаў Ісус сотніку: «Ідзі, і, як ты паверыў, станецца табе». І паздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну. 14 І, прыйшоўшы ў дом Пятра, Ісус убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы. 15 І Ён дакрануўся да рукі ейнай, і пакінула яе гарачка, і яна ўстала, і паслугавала ім. 16 Калі ж надыйшоў вечар, прывялі да Яго шмат апанаваных дэманамі, і Ён выгнаў духаў словам, і ўсіх хворых аздаравіў, 17 каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: «Ён узяў нашыя нядужасьці і панёс хваробы». 18 Убачыўшы ж навокал Сябе шматлікія натоўпы, Ісус загадаў адыйсьці на другі бок. 19 І, падыйшоўшы, адзін кніжнік сказаў Яму: «Настаўнік, я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў». 20 І кажа яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе галаву схіліць». 21 А іншы з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Госпадзе! Дазволь мне перш пайсьці і пахаваць бацьку майго». 22 Ісус жа сказаў яму: «Ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых». 23 І калі ўвайшоў Ён у човен, пайшлі за Ім вучні Ягоныя. 24 І вось, сталася вялікае ўзрушэньне на моры, так што хвалі залівалі човен, а Ён спаў. 25 І, падыйшоўшы, вучні Ягоныя пабудзілі Яго, кажучы: «Госпадзе! Збаў нас, мы гінем!» 26 І кажа ім: «Чаго вы палохаецеся, малаверы?» Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася вялікая ціша. 27 А людзі зьдзіўляліся, кажучы: «Хто ж Ён, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?» 28 І, калі Ён прыйшоў на другі бераг у край Гергесэнскі, перанялі Яго двое апанаваных дэманам, якія выйшлі з магілаў, страшэнна злыя, так што ніхто ня мог праходзіць тою дарогаю. 29 І вось яны закрычалі, кажучы: «Што нам і Табе, Ісусе, Сыне Божы? Ці Ты прыйшоў сюды перад часам мучыць нас?» 30 Далёка ж ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіньняў. 31 А дэманы прасілі Яго, кажучы: «Калі нас выганяеш, дазволь нам адыйсьці ў гэты гурт сьвіньняў». 32 І Ён сказаў ім: «Ідзіце». І тыя, выйшаўшы, адыйшлі ў гурт сьвіньняў. І, вось, рынуўся ўвесь гурт сьвіньняў са стромы ў мора, і загінуў у вадзе. 33 А тыя, што пасьвілі, уцяклі і, прыйшоўшы ў горад, паведамілі пра ўсё і пра тых, што былі апанаваныя дэманам. 34 І вось, увесь горад выйшаў насустрач Ісусу і, убачыўшы Яго, прасілі, каб зыйшоў ад межаў іхніх. |