Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

МАЦЬВЕЯ 18 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Мц 18

1 У тую гадзіну падыйшлі вучні да Ісуса, кажучы: «Дык хто большы ў Валадарстве Нябесным?»

2 І, паклікаўшы дзіцятка, Ісус паставіў яго пасярод іх

3 і сказаў: «Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і ня станецеся, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.

4 Дык хто панізіць сябе, як гэтае дзіця, той большы ў Валадарстве Нябесным.

5 І хто прыйме адно гэткае дзіцятка ў імя Маё, той Мяне прыймае.

6 А хто згоршыць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, такому лепш было б, каб павесілі млынавы камень на шыю ягоную і ўтапілі яго ў глыбіні мора.

7 Гора сьвету ад згаршэньняў, бо патрэбна, каб прыйшлі згаршэньні; але гора таму чалавеку, праз якога прыходзіць згаршэньне.

8 Калі ж рука твая ці нага твая горшыць цябе, адсячы іх і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгавым ці калекаю, чым, маючы дзьве рукі або дзьве нагі, быць укінутым у агонь вечны.

9 І калі вока тваё горшыць цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе аднавокім увайсьці ў жыцьцё, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у геенну вогненную.

10 Глядзіце, не пагарджайце ані адным з малых гэтых, бо кажу вам, што анёлы іхнія ў небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага.

11 Бо Сын Чалавечы прыйшоў, каб збавіць тое, што загінула.

12 Як вы думаеце, калі б нейкі чалавек меў сто авечак, і адна з іх заблукала, ці, пакінуўшы дзевяноста дзевяць у гарах, ня пойдзе ён шукаць тую, што заблукала?

13 І, калі станецца, што знойдзе яе, сапраўды кажу вам: ён узрадуецца з яе больш, чым з дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі.

14 Гэтак няма волі Айца вашага, Які ў небе, каб загінуў адзін з малых гэтых.

15 Калі ж саграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго між табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, ты здабыў брата твайго.

16 Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух або трох сьведак змацавалася ўсякае слова.

17 Калі ж не пачуе, скажы царкве, а калі і царквы не пачуе, няхай будзе ён табе, як паганін і мытнік.

18 Сапраўды кажу вам: усё, што вы зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана ў небе, і што разьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана ў небе.

19 Ізноў кажу вам, што калі двое з вас на зямлі згодзяцца адносна любой справы, дык што ні папросяць, станецца ім ад Айца Майго, Які ў небе.

20 Бо дзе двое або трое сабраныя дзеля імя Майго, там Я сярод іх».

21 Тады Пётар, падыйшоўшы да Яго, сказаў: «Госпадзе! Колькі разоў брат мой будзе грашыць супраць мяне, і я дарую яму? Ці да сямі разоў?»

22 Кажа яму Ісус: «Не кажу табе: да сямі, але да сямідзесяці разоў па сем.

23 Дзеля гэтага Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека валадара, які захацеў разрахавацца са слугамі сваімі.

24 Калі ж пачаў ён рахавацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў дзесяць тысячаў талентаў.

25 А як ня меў што аддаць, пан ягоны загадаў прадаць яго, і жонку ягоную, і дзяцей, і ўсё, што меў, і заплаціць.

26 Тады слуга той, упаўшы, пакланіўся яму, кажучы: “Пане! Будзь доўгацярплівым да мяне, і ўсё табе аддам”.

27 Пан, зьлітаваўшыся над слугою тым, адпусьціў яго і дараваў яму пазыку.

28 А слуга той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з таварышаў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай мне, што вінен”.

29 Тады таварыш ягоны, упаўшы да ног яго, прасіў яго, кажучы: “Будзь доўгацярплівым да мяне, і ўсё аддам табе”.

30 А той не захацеў, але адыйшоўшы, кінуў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўгу.

31 Таварышы ягоныя, убачыўшы, што сталася, вельмі засмуціліся і, прыйшоўшы, паведамілі пану свайму ўсё, што сталася.

32 Тады пан ягоны, паклікаўшы яго, кажа яму: “Злы слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, калі ты прасіў мяне.

33 Ці ж ня мусіў і ты зьлітавацца над таварышам тваім, як і я зьлітаваўся над табою?”

34 І, загневаўшыся, пан ягоны аддаў яго катам, пакуль не аддасьць яму ўсяго доўгу.

35 Так і Айцец Мой Нябесны ўчыніць вам, калі не даруе кожны з вас ад сэрца свайго брату свайму грахоў ягоных».

Сачыце за намі:



Аб'явы