МАЦЬВЕЯ 16 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Мц 16 1 І, падыйшоўшы, фарысэі і садукеі, спакушаючы Яго, прасілі паказаць ім знак з неба. 2 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Увечары вы кажаце: “Будзе пагода, бо неба чырвонае”. 3 І раніцаю: “Сёньня непагадзь, бо неба чырвонае і пахмурнае”. Крывадушнікі! Аблічча неба адрозьніваеце, а знакаў часу ня можаце? 4 Пакаленьне злое і чужаложнае знаку шукае, і знак ня будзе дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока». І, пакінуўшы іх, адыйшоў. 5 І, перабраўшыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлеба. 6 А Ісус сказаў ім: «Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і садукейскай». 7 Яны ж разважалі між сабою, кажучы: «Бо мы хлябоў ня ўзялі». 8 Зразумеўшы ж гэта, Ісус сказаў ім: «Чаму разважаеце між сабою, малаверы, што хлябоў ня ўзялі? 9 Ці яшчэ не разумееце і ня памятаеце тыя пяць хлябоў на пяць тысячаў, і колькі кашоў назьбіралі? 10 Ці тыя сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кашоў назьбіралі? 11 Як не разумееце, што не наконт хлеба сказаў Я вам сьцерагчыся кісьлі фарысэйскай і садукейскай?» 12 Тады яны зразумелі, што Ён гаварыў ім сьцерагчыся ня кісьлі хлебнае, але вучэньня фарысэйскага і садукейскага. 13 А прыйшоўшы ў межы Цэзарэі Філіпавай, Ісус спытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «Кім людзі называюць Мяне, Сына Чалавечага?» 14 А яны сказалі: «Адны — Янам Хрысьціцелем, другія — Ільлём, а іншыя — Ярэміем ці адным з прарокаў». 15 Ён кажа ім: «А вы кім Мяне называеце?» 16 Сымон жа Пётар, адказваючы, сказаў: «Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога». 17 І, адказваючы, Ісус сказаў яму: «Шчасьлівы ты, Сымон, сын Ёны, бо ня цела і кроў адкрылі табе гэтае, але Айцец Мой, Які ў небе. 18 І Я кажу табе: Ты — скала, і на гэтай скале Я збудую Царкву Маю, і брамы пекла не перамогуць яе. 19 І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў небе; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў небе». 20 Тады загадаў Ён вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Ісус Хрыстос. 21 Ад таго часу пачаў Ісус паказваць вучням Сваім, што Ён мусіць пайсьці ў Ерусалім і шмат перацярпець ад старшыняў, і першасьвятароў, і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. 22 І, адклікаўшы Яго, Пётар пачаў забараняць Яму, кажучы: «Будзь міласьцівы да Сябе, Госпадзе! Няхай ня будзе гэтага з Табою!» 23 Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Ты Мне згаршэньне, бо думаеш не пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае». 24 Тады Ісус сказаў вучням Сваім: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за Мною. 25 Бо хто хоча душу сваю выратаваць, той загубіць яе, а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе. 26 Бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасьць чалавек у выкуп за душу сваю? 27 Бо мае прыйсьці Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі; і тады аддасьць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных. 28 Сапраўды кажу вам: ёсьць некаторыя, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, Які ідзе ў Валадарстве Сваім». |