МАЦЬВЕЯ 15 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Мц 15 1 Тады прыходзяць да Ісуса з Ерусаліму кніжнікі і фарысэі, кажучы: 2 «Чаму вучні Твае адступаюцца ад традыцыяў старэйшых? Бо ня мыюць рукі свае, калі ядуць хлеб». 3 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Чаму і вы адступаецеся ад прыказаньня Божага дзеля традыцыяў вашых? 4 Бо Бог загадаў, кажучы: “Шануй бацьку твайго і маці”, і: “Хто праклінае бацьку ці маці, няхай сьмерцю памрэ”. 5 А вы кажаце: “Калі хто скажа бацьку або маці: 'Дар [Богу] тое, чым ты ад мяне карыстаўся', 6 той можа і не шанаваць бацьку свайго ці маці сваю”. І вы пазбавілі сілы прыказаньне Божае дзеля традыцыяў вашых. 7 Крывадушнікі! Слушна прарочыў пра вас Ісая, кажучы: 8 “Народ гэты набліжаецца да Мяне вуснамі сваімі і губамі шануе Мяне; а сэрца іхняе трымаецца далёка ад Мяне. 9 Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньняў і пастановаў чалавечых”». 10 І, паклікаўшы натоўп, сказаў ім: «Слухайце і разумейце: 11 Ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека, але тое, што выходзіць з вуснаў, апаганьвае чалавека». 12 Тады вучні Ягоныя, падыйшоўшы, казалі Яму: «Ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, згоршыліся?» 13 Ён жа, адказваючы, сказаў: «Усякая расьліна, якую не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, будзе выкарчавана. 14 Пакіньце іх; яны — сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы вядзе сьляпога, абодва ўваляцца ў яму». 15 Пётар жа, адказваючы, сказаў Яму: «Растлумач нам прыповесьць гэтую». 16 А Ісус сказаў: «Няўжо і вы такія няцямкія? 17 Ці ж яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, трапляе ў жывот і выкідаецца прэч? 18 А тое, што выходзіць з вуснаў, — з сэрца выходзіць; гэта апаганьвае чалавека. 19 Бо з сэрца выходзяць злыя думкі, забойствы, распуснасьць, чужалоства, крадзяжы, фальшывыя сьведчаньні, блюзьнерствы. 20 Гэта апаганьвае чалавека, а есьці нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека». 21 І, выйшаўшы адтуль, Ісус адыйшоў у межы Тыру і Сідону. 22 І вось жанчына Хананейская, выйшаўшы з тых ваколіцаў, крычала Яму, кажучы: «Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Дачка мая цяжка апанаваная дэманам!» 23 А Ён не адказаў ёй ані слова. І вучні Ягоныя, падыйшоўшы, прасілі Яго, кажучы: «Адпусьці яе, бо яна крычыць за намі». 24 Ён жа, адказваючы, сказаў: «Я пасланы толькі да авечак з дому Ізраіля, якія загінулі». 25 А яна, прыйшоўшы, пакланілася Яму, кажучы: «Госпадзе! Дапамажы мне». 26 Ён жа, адказваючы, сказаў: «Ня добра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам». 27 А яна сказала: «Так, Госпадзе! Але і сабакі ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх». 28 Тады, адказваючы, Ісус сказаў ёй: «О, жанчына! Вялікая вера твая; няхай станецца табе, як ты хочаш». І была аздароўленая дачка ейная з тае гадзіны. 29 І, перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узыйшоўшы на гару, сеў там. 30 І падыйшлі да Яго шматлікія натоўпы, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калекаў і шмат іншых, і пакінулі іх каля ног Ісуса; і Ён аздаравіў іх, 31 так што натоўп зьдзіўляўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць, і славіў Бога Ізраіля. 32 А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў: «Шкада Мне гэтых людзей, што ўжо тры дні са Мною і ня маюць, што есьці; і не хачу адпусьціць іх галоднымі, каб не саслабелі ў дарозе». 33 І кажуць Яму вучні Ягоныя: «Адкуль у нас у пустыні столькі хлеба, каб накарміць гэтакі натоўп?» 34 І кажа ім Ісус: «Колькі маеце хлябоў?» Яны ж сказалі: «Сем, і некалькі рыбак». 35 І Ён загадаў натоўпам узьлегчы на зямлі. 36 І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, падзякаваўшы, паламаў і даў вучням Сваім, а вучні — натоўпу. 37 І елі ўсе, і наеліся; і сабралі кавалкаў, што засталіся, сем кашоў поўных. 38 А тых, што елі, было чатыры тысячы мужчынаў, акрамя жанчынаў і дзяцей. 39 І, адпусьціўшы натоўп, Ён увайшоў у човен і прыйшоў у ваколіцы Магдалы. |