Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

МАЦЬВЕЯ 11 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Мц 11

1 І сталася, калі скончыў Ісус загадваць дванаццаці вучням Сваім, пайшоў адтуль вучыць і абвяшчаць у гарады іхнія.

2 Ян жа, пачуўшы ў вязьніцы пра дзеяньні Хрыста, паслаў двух вучняў сваіх

3 сказаць Яму: «Ці Ты — Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?»

4 І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ідзіце, паведаміце Яну, што чуеце і бачыце:

5 сьляпыя бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогім дабравесьціцца.

6 І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне».

7 Калі ж тыя пайшлі, Ісус пачаў гаварыць да натоўпаў пра Яна: «Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, якую вецер хістае?

8 Але што хадзілі вы ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што носяць мяккія шаты, знаходзяцца ў дамах валадарскіх.

9 Але што хадзілі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.

10 Бо ён ёсьць той, пра якога напісана: “Вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою”.

11 Сапраўды кажу вам: Сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля, але найменшы ў Валадарстве Нябесным большы за яго.

12 Ад дзён Яна Хрысьціцеля дагэтуль Валадарства Нябеснае сілаю здабываецца, і тыя, хто ўжывае сілу, захопліваюць яго.

13 Бо ўсе Прарокі і Закон прарочылі да Яна.

14 І калі маеце прыняць, ён ёсьць Ільля, якому належыць прыйсьці.

15 Хто мае вушы слухаць, няхай слухае.

16 З кім параўнаю пакаленьне гэтае? Яно падобнае да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы і клічуць да таварышаў сваіх,

17 і кажуць: “Мы гралі вам на жалейцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі”.

18 Бо прыйшоў Ян, ня есьць, ня п’е, і кажуць: “Дэмана мае”.

19 Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е; і кажуць: “Вось, чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў”. І апраўдана мудрасьць дзецьмі яе».

20 Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш сталася цудаў Ягоных, за тое, што яны не навярнуліся:

21 «Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў вас, даўно б яны ў зрэбніцы і ў попеле навярнуліся.

22 Аднак кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень суду, чым вам.

23 І ты, Капэрнаум, які да неба ўзьнёсся, у пекла скінуты бу­дзеш. Бо калі б у Садоме сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў табе, ён застаўся б да гэтага дня.

24 Аднак кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень суду, чым табе».

25 У той час, адказваючы, Ісус сказаў: «Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных, і адкрыў немаўлятам.

26 Так, Айцец, бо гэтак было даспадобы Табе.

27 Усё Мне аддадзена Айцом Маім, і ніхто не спазнаў Сына, акрамя Айца; і ніхто не спазнаў Айца, акрамя Сына і каму Сын пастанавіў адкрыць.

28 Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я дам вам супачынак.

29 Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я — ціхі і пакорнага сэрца, і знойдзеце супачынак душам вашым.

30 Бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі».

Сачыце за намі:



Аб'явы