МАРКА 13 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Мк 13 1 І калі выходзіў Ён са сьвятыні, гаворыць Яму адзін з вучняў Ягоных: «Настаўнік, паглядзі, якія камяні ды якія пабудовы!» 2 А Ісус, адказваючы, сказаў яму: «Бачыш усе гэтыя вялізарныя пабудовы? Не застанецца камяня на камяні, які б ня быў зруйнаваны». 3 І калі Ён сядзеў на гары Аліўнай насупраць сьвятыні, спыталіся ў Яго насамоце Пётар, і Якуб, і Ян, і Андрэй: 4 «Скажы нам, калі гэта станецца, і які знак, калі ўсё гэта мае скончыцца?» 5 Ісус, адказваючы ім, пачаў гаварыць: «Глядзіце, каб вас хто не падмануў. 6 Бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я, і многіх падмануць. 7 А калі пачуеце пра войны і чуткі ваенныя, не трывожцеся, бо ўсё гэта павінна стацца, але гэта яшчэ не канец. 8 Бо паўстане народ на народ, і валадарства на валадарства, і будуць месцамі землятрусы, і будуць голад і замяшаньні. Гэта пачатак мукаў радзін. 9 Глядзіце ж і вы самі, бо будуць вас выдаваць у сынэдрыёны і біць у сынагогах, і будзеце пастаўленыя перад ваяводамі і валадарамі дзеля Мяне на сьведчаньне ім. 10 І ўсім народам павінна спачатку быць абвешчана Эвангельле. 11 І калі павядуць вас, каб выдаць, не клапаціцеся наперад, што маеце гаварыць, і не абдумвайце, але што дадзена вам будзе ў гэты час, тое кажыце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты. 12 І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына; і дзеці паўстануць супраць бацькоў і будуць забіваць іх, 13 і будзеце вы ў нянавісьці ў-ва ўсіх дзеля імя Майго. Але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены. 14 А калі ўбачыце агіду спусташэньня, як сказана праз Данііла прарока, што стане там, дзе не павінна, — хто чытае, няхай разумее, — тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы, 15 а хто на даху, няхай не зыходзіць у дом і не ўваходзіць узяць нешта з дому свайго, 16 і хто ў полі, няхай не вяртаецца назад узяць адзеньне сваё. 17 Але гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі, у тыя дні. 18 Дык маліцеся, каб не былі ўцёкі вашыя ў зіму. 19 Бо ў тыя дні будзе такі прыгнёт, якога не было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе. 20 І калі б Госпад не скараціў гэтых дзён, не выратавалася б ніводнае цела, але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скараціў гэтыя дні. 21 І тады, калі хто вам скажа: “Вось тут Хрыстос”, ці: “Вось, там”, — ня верце. 22 Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі, і будуць рабіць знакі і цуды, каб зьвесьці, калі магчыма, і выбраных. 23 Вы ж глядзіце: вось, Я вам усё наперад сказаў. 24 Але ў тыя дні, пасьля прыгнёту таго, зацьмее сонца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, 25 і зоркі нябесныя падаць будуць, і сілы, што ў небе, захістаюцца. 26 І тады ўгледзяць Сына Чалавечага, Які прыходзіць на аблоках з вялікай моцаю і славаю. 27 І тады Ён пашле анёлаў Сваіх, і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба. 28 У дрэва фігавага навучыцеся прыповесьці: калі ўжо галінка ягоная робіцца мяккай і пускае лісты, разумееце, што блізка лета. 29 Гэтак і вы, калі ўбачыце, што гэта адбываецца, разумейце, што блізка, у дзьвярах. 30 Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленьне гэтае, аж усё гэта станецца. 31 Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць. 32 А пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, ані анёлы, якія ў небе, ані Сын, а толькі Айцец. 33 Глядзіце, ня сьпіце і маліцеся, бо ня ведаеце, калі прыйдзе пара. 34 Як чалавек, які, выяжджаючы, пакінуў дом свой, і даў уладу слугам сваім, і кожнаму свой абавязак, і загадаў прыдзьверніку, каб чуваў. 35 Дык чувайце, бо ня ведаеце, калі гаспадар дому прыйдзе: вечарам, ці апоўначы, ці як певень засьпявае, ці раніцай, 36 каб, калі вернецца неспадзявана, не знайшоў вас, што сьпіцё. 37 А што вам кажу, усім кажу: "Чувайце!"» |