МАРКА 11 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Мк 11 1 І калі наблізіліся да Ерусаліму, да Бэтфагі і Бэтаніі на гары Аліўнай, Ён пасылае двух вучняў Сваіх 2 і гаворыць ім: «Ідзіце ў мястэчка, што перад вамі, і адразу, уваходзячы ў яго, знойдзеце асьляня прывязанае, на якога яшчэ ніхто з людзей не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзіце. 3 І калі хто скажа вам: “Што вы гэта робіце?”, скажыце, што Госпад яго патрабуе, і адразу пашле яго сюды». 4 Яны пайшлі і знайшлі асьляня пры дзьвярах звонку на вуліцы, і адвязалі яго. 5 І некаторыя, што там стаялі, гаварылі ім: «Што вы робіце, адвязваючы асьляня?» 6 Яны ж сказалі ім, як загадаў Ісус, і пусьцілі іх. 7 І прывялі асьляня да Ісуса, і ўсклалі на яго адзеньне сваё; і Ён сеў на яго. 8 І многія пасьцілалі на дарозе адзеньне сваё, а іншыя рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе. 9 І тыя, што ішлі наперадзе, і тыя, што ішлі за Ім, крычалі, кажучы: «Гасанна! Дабраслаўлёны Той, Хто прыходзіць у імя Госпада! 10 Дабраслаўлёнае валадарства бацькі нашага Давіда, якое прыходзіць у імя Госпада! Гасанна на вышынях!» 11 І ўвайшоў Ісус у Ерусалім і ў сьвятыню; і, агледзеўшы ўсё, бо гадзіна ўжо была вечаровая, выйшаў у Бэтанію з Дванаццацьцю. 12 І назаўтра, калі ішлі яны з Бэтаніі, Ён адчуў голад. 13 І, убачыўшы здалёк фігавае дрэва, пакрытае лісьцем, падыйшоў, ці ня знойдзе што на ім; але, падыйшоўшы да яго, нічога не знайшоў, акрамя лістоты, бо не была пара на фігі. 14 І, адказваючы, Ісус сказаў да яго: «Няхай ніхто ўжо да веку ня есьць з цябе плоду». І чулі гэта вучні Ягоныя. 15 І прыходзяць у Ерусалім. І Ісус, увайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць тых, што продалі і куплялі ў сьвятыні, і сталы мяняльнікаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў, 16 і не дазваляў, каб хто насіў хоць якую рэч праз сьвятыню. 17 І навучаў, кажучы ім: «Ці ж не напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў”? А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў». 18 І пачулі гэта першасьвятары і кніжнікі, і шукалі, як Яго загубіць, бо баяліся Яго, бо ўвесь натоўп захапляўся вучэньнем Ягоным. 19 І калі зьвечарэла, Ён выйшаў з гораду. 20 І раніцаю, праходзячы міма, убачылі фігавае дрэва, ссохлае ад кораня. 21 І, узгадаўшы, Пётар кажа Яму: «Раббі, вось, фігавае дрэва, якое Ты пракляў, засохла». 22 І, адказваючы, Ісус гаворыць ім: «Мейце веру Божую! 23 Бо сапраўды кажу вам: калі хто скажа гэтай гары: “Будзь узятая і кінутая ў мора”, і ня будзе сумнявацца ў сэрцы сваім, але будзе верыць, што станецца так, як гаворыць, — будзе яму, што б ні сказаў. 24 Дзеля гэтага кажу вам: Усё, пра што ў малітве будзеце прасіць, верце, што атрымаеце, і будзе вам. 25 І калі стаіцё ў малітве, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш, Які ў небе, дараваў вам грахі вашыя. 26 Калі ж вы не даруеце, дык і Айцец ваш, Які ў небе, не даруе вам грахоў вашых». 27 І зноў прыходзяць у Ерусалім. І калі Ён хадзіў у сьвятыні, падыйшлі да Яго першасьвятары, кніжнікі і старшыні, 28 і гаварылі Яму: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто даў Табе ўладу рабіць гэтае?» 29 А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Спытаюся і Я ў вас адно слова, і вы адкажыце Мне, і Я вам скажу, якою ўладай Я раблю гэта. 30 Хрышчэньне Яна з неба было ці ад людзей? Адкажыце Мне». 31 І яны разважалі між сабой, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, — Ён скажа: “Дык чаму тады не паверылі яму?”» 32 А сказаць: «Ад людзей», баяліся натоўпу, бо ўсе мелі Яна за праўдзівага прарока. 33 І, адказваючы, гавораць Ісусу: «Ня ведаем». І Ісус, адказваючы, гаворыць ім: «І Я вам не скажу, якою ўладаю Я гэта раблю». |