Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛЯВІТ 9 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Ляв 9

1 У восьмы дзень паклікаў Майсей Аарона, сыноў ягоных і старшыняў Ізраіля і сказаў Аарону:

2 «Вазьмі са статку бычка ў ахвяру за грэх і барана ў ахвяру цэласпаленьня, абодвух без заганы, і прынясі перад аблічча ГОСПАДА.

3 А сынам Ізраіля скажы: “Вазьміце казла ў ахвяру за грэх, і цяля, і барана аднагадовага без заганы ў ахвяру цэласпаленьня,

4 і вала і барана ў ахвяру мірную, каб ахвяраваць іх перад абліччам ГОСПАДА, і ахвяру хлебную, запраўленую алеем, бо сёньня ГОСПАД зьявіцца вам”».

5 І прынесьлі ўсё тое, што загадаў ім Майсей, да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і прыйшла ўся грамада, і стала перад абліччам ГОСПАДА.

6 І сказаў Майсей: «Вось слова, якое загадаў ГОСПАД. Зрабіце [гэта], і зьявіцца вам слава ГОСПАДА!»

7 І сказаў Майсей Аарону: «Наблізься да ахвярніка, і складзі ахвяру за грэх і ахвяру цэласпаленьня, і ачысьці сябе і народ. І складзі ахвяру за народ, і ачысьці яго, як загадаў ГОСПАД”.

8 І наблізіўся Аарон да ахвярніка, і забіў цяля за грэх свой.

9 І сыны ягоныя далі яму кроў цяляці, і ён, памачыўшы палец у крыві, памазаў ёю рагі ахвярніку, а рэшту выліў на падставу ахвярніка.

10 Тлушч, ныркі і тлушч на вантробе з ахвяры за грэх спаліў ён на ахвярніку, як загадаў ГОСПАД Майсею,

11 а мяса і скуру ягоную спаліў на агні па-за табарам.

12 І забіў ахвяру цэласпаленьня; і сыны ягоныя далі яму кроў, і ён выліў яе кругом ахвярніка.

13 Далі яму таксама ахвяру цэласпаленьня, падзеленую на часткі, і галаву яе, і ён спаліў гэта на ахвярніку.

14 І абмыў ён нутро і ногі, і спаліў як цэласпаленьне на ахвярніку.

15 І склаў ён ахвяру за народ, і ўзяў казла, які быў прызначаны ў ахвяру за грэх народу, і забіў яго, і ахвяраваў за грэх, як і першага.

16 І ўзяў ахвяру цэласпаленьня, і ахвяраваў яе паводле пастановы.

17 І прынёс ён ахвяру хлебную, і напоўніў ёю руку сваю, і спаліў на ахвярніку, апрача ранішняй ахвяры цэласпаленьня.

18 І забіў вала і барана, ахвяры мірныя ад народу; і сыны ягоныя далі яму кроў, якую ён выліў кругом ахвярніка.

19 А тлушч вала і хвост барана, і ныркі з лоем, і тлушч на вантробе

20 палажылі на грудзіну; і тлушч быў спалены на ахвярніку;

21 а грудзіну і правае плячо Аарон прынёс, патрасаючы перад абліччам ГОСПАДА, як загадаў яму Майсей.

22 І падняў Аарон рукі ў бок народу, і дабраславіў яго, і, склаўшы ахвяры за грэх, ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя, зыйшоў уніз.

23 І ўвайшлі Майсей і Аарон у Намёт Спатканьня і, выйшаўшы адтуль, дабраславілі народ. І зьявілася слава ГОСПАДА ўсяму народу.

24 І выйшаў агонь ад аблічча ГОСПАДА, і спаліў ахвяру цэласпаленьня і тлушч, якія былі на ахвярніку. І ўбачыў гэта ўвесь народ, і ўзрадаваліся, і ўпалі на абліччы свае.

Сачыце за намі:



Аб'явы