ЛЯВІТ 8 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ляв 8 1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 2 «Вазьмі Аарона і сыноў ягоных, адзеньне, алей памазаньня, бычка на ахвяру за грэх, два бараны і кош прэсных хлябоў. 3 Пасьля зьбяры ўсю грамаду каля ўваходу ў Намёт Спатканьня». 4 Майсей зрабіў так, як яму ГОСПАД загадаў, і грамада сабралася каля ўваходу ў Намёт Спатканьня. 5 І сказаў Майсей грамадзе: «Вось слова, якое загадаў ГОСПАД выканаць!» 6 І прывёў Майсей Аарона і сыноў ягоных, і абмыў іх вадою. 7 І ўсклаў на яго шату льняную, і падперазаў яго паясом, і апрануў на яго верхнюю шату, і наверх усклаў эфод, і апаясаў яго пасам эфоду, і прымацаваў на ім эфод. 8 І ўсклаў на яго нагруднік, на якім разьмясьціў урым і тумім, 9 і ўсклаў яму на галаву мітру і на ёй залатую дыядэму, сьвяты вянок, як загадаў Майсею ГОСПАД. 10 Потым узяў Майсей алей памазаньня, і памазаў Сялібу разам з усім, што ў ёй было, і асьвяціў гэта. 11 І пакрапіў ён ахвярнік сем разоў, і памазаў ахвярнік разам з яго прыналежнасьцямі, і мыцельнік, і яго падставу, каб асьвяціць іх. 12 І паліў ім галаву Аарона, і памазаў яго, каб асьвяціць яго. 13 І наблізіў сыноў Аарона, і апрануў іх у шаты, і падперазаў іх паясамі, і ўсклаў на іх галовы турбаны, як загадаў ГОСПАД Майсею. 14 І прывёў [Майсей] бычка ў ахвяру за грэх. І Аарон і сыны ягоныя ўсклалі рукі свае на галаву ахвяры за грэх. 15 І Майсей забіў яго, і, узяўшы крыві яго, пальцам памазаў рагі ахвярніка кругом, і ачысьціў ахвярнік. А рэшту крыві выліў на падставу ахвярніка, і асьвяціў яго, ачышчаючы яго. 16 І ўзяў ён увесь тлушч, які на нутры, і тлушч на вантробе, і абедзьве ныркі разам з тлушчам, і спаліў іх на ахвярніку, 17 а бычка і скуру ягоную, і мяса ягонае, і нячыстасьці ягоныя спаліў у агні па-за табарам, як загадаў ГОСПАД Майсею. 18 І прывёў [Майсей] барана ў ахвяру цэласпаленьня. І Аарон і сыны ягоныя ўсклалі на галаву ягоную рукі свае. 19 І Майсей забіў яго, і пакрапіў кругом ахвярніка крывёю, 20 і пасек барана на часткі, і спаліў галаву, і кавалкі, і тлушч, 21 а нутро і ногі памыў вадой. І спаліў Майсей усяго барана ў агні на ахвярніку. Гэта цэласпаленьне, мілы пах, ахвяра агнявая для ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею. 22 І прывялі другога барана, барана асьвячэньня. І Аарон і сыны ягоныя ўсклалі рукі свае на галаву ягоную. 23 І Майсей забіў яго, і ўзяў крыві ягонай, і памазаў ёю верх правага вуха Аарона, вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі. 24 І прывёў Майсей сыноў Аарона, і памазаў крывёй верх правага вуха іхняга, і вялікі палец правай рукі іхняй, і вялікі палец правай нагі іхняй, і пакрапіў Майсей крывёю ахвярнік з усіх бакоў. 25 Потым узяў тлушч, хвост і ўвесь тлушч, які на нутры, разам з тлушчам на вантробе, абедзьве ныркі і іхні тлушч, і правую лапатку, 26 і з каша праснакоў, які стаяў перад абліччам ГОСПАДА, узяў адзін праснак, адну аладку на алеі і адзін сухарык, і палажыў на тлушч і на правую лапатку. 27 І палажыў усё гэта на рукі Аарона і сыноў яго, і патрос гэтым перад абліччам ГОСПАДА. 28 І ўзяў усё гэта Майсей з рук іхніх, і спаліў на ахвярніку разам з цэласпаленьнем. Гэта ахвяра асьвячэньня на мілы пах, ахвяра агнявая для ГОСПАДА. 29 І ўзяў Майсей грудзіну, і патрос яе перад абліччам ГОСПАДА. Гэта была частка Майсею з барана ахвяры асьвячэньня, як загадаў ГОСПАД Майсею. 30 І ўзяў Майсей крыху алею памазаньня і крыху крыві з ахвярніка, і пакрапіў Аарона і шаты ягоныя, а таксама сыноў ягоных і шаты іхнія. І асьвяціў Аарона і шаты ягоныя, а таксама сыноў ягоных і шаты іхнія. 31 І сказаў Майсей Аарону і сынам ягоным: «Зварыце мяса каля ўваходу ў Намёт Спатканьня і там ешце яго і хлеб, які ў кашы ахвяры асьвячэньня, як мне было загадана: “Аарон і сыны ягоныя будуць есьці яго”. 32 А што застанецца з мяса і хлябоў, спаліце агнём. 33 Ад уваходу ў Намёт Спатканьня не адыходзьцеся сем дзён, аж да дня заканчэньня асьвячэньня вашага, бо сем дзён будзе працягвацца асьвячэньне. 34 І што я зрабіў сёньня, так загадаў ГОСПАД рабіць, каб ачысьціць вас. 35 Каля ўваходу ў Намёт Спатканьня заставайцеся днём і ноччу сем дзён на варце ГОСПАДА, каб не паўміралі, бо гэтак мне было загадана». 36 І зрабілі Аарон і сыны ягоныя ўсё, што загадаў ім ГОСПАД праз Майсея. |