Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛЯВІТ 25 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Ляв 25

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея на гары Сынай, кажучы:

2 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам вам, зямля таксама павінна супачы­ваць у супачынкі ГОСПАДА.

3 Шэсьць гадоў будзеш засяваць поле сваё і шэсьць гадоў будзеш абразаць вінаграднік свой і зьбіраць з іх плады,

4 але ў сёмы год няхай будзе супачынак супачынкаў, для зямлі будзе супачынак ГОСПАДА. Ня будзеш засяваць поля твайго і падразаць вінаграднік твой.

5 Таго, што само вырасьце на пожні тваёй, ня будзеш жаць, і ня будзеш зьбіраць вінаграду неабрэзанага. Гэта будзе год супачынку для зямлі.

6 [Што само вырасьце] падчас супачынку зямлі, будзе вам на ежу, табе, слузе твайму, служцы тваёй, парабку твайму і пасяленцу твайму, які жыве ў цябе,

7 і жывёле тваёй, і зьвярам, якія жывуць на зямлі тваёй, увесь ураджай будзе на ежу.

8 І палічыш сем гадоў суботніх, сем разоў па сем гадоў, і будзе дзён сямі гадоў суботніх сорак дзевяць гадоў.

9 У дзясяты дзень сёмага месяца затрубіш у рог, у Дзень Перамольваньня няхай разыйдзецца [гук] рогу па ўсёй зямлі вашай.

10 І будзеце сьвяціць пяці­дзясяты год, і абвесьціце свабоду на зямлі ўсім жыхарам ейным. Гэта будзе для вас юбілей. Кожны з вас вернецца да уласнасьці сваёй, і кожны вернецца ў сям’ю сваю.

11 Гэты пяцідзясяты год будзе для вас годам юбілейным; ня будзеце сеяць, ня будзеце жаць таго, што вырасьце, і ня будзеце зьбіраць неабрэзанага вінаграду,

12 бо гэта будзе для вас юбілей, гэта будзе для вас сьвяты час. Будзеце есьці тое, што вырасьце на полі.

13 У гэты год юбілейны кожны з вас вернецца да ўласнасьці сваёй.

14 Калі што будзеш прадаваць бліжняму свайму або купляць з рукі бліжняга свайго, ня крыўдзіце адзін аднаго.

15 Паводле ліку гадоў пасьля юбілею ты павінен купляць у бліжняга свайго, і паводле ліку гадоў ураджаю ён павінен прадаваць табе.

16 Чым больш гадоў застаецца да юбілею, тым большую цану заплаціш; а чым менш гадоў застаецца, тым меншую цану заплаціш, бо колькасьць ураджаяў ён прадае табе.

17 Ня крыўдзіце адзін аднаго, але бойцеся Бога свайго, бо Я — ГОСПАД, Бог ваш!

18 Выконвайце пастановы Мае і прысуды Мае захоўвайце і выконвайце іх, і будзеце жыць на зямлі гэтай у бясьпецы.

19 І будзе зямля даваць плод свой, і вы будзеце есьці ўдосталь, і будзеце жыць на зямлі ў бясьпецы.

20 А калі скажаце: “Што мы будзем есьці ў сёмым годзе, калі ня будзем ані сеяць, ані зьбі­раць ураджаю нашага?”

21 Я спашлю на вас дабраславенства ў шостым годзе, і хо­піць вам ураджаю на тры гады.

22 У восьмым годзе будзеце сеяць і будзеце есьці са старога ўраджаю аж да дзявятага году, аж да новага ўраджаю будзеце есьці даўнія [плады].

23 Зямлю ня будзеце прада­ваць назаўсёды, бо Мая зямля, а вы — прыхадні і пасяленцы ў Мяне.

24 Таму ўся зямля, якая ў валоданьні вашым, будзе прадавацца вамі пад умовай выкупу.

25 Калі зьбяднее брат твой і прадасьць частку маёмасьці сваёй, няхай прыйдзе адкупіцель, сваяк ягоны, і выку­піць маёмасьць, прададзеную братам ягоным.

26 Калі ж хто ня мае адкупіцеля, але рука ягоная знойдзе належныя сродкі на выкуп,

27 няхай падлічыць ён гады ад часу продажу і зьверне рэш­ту таму, каму прадаў [зямлю], і вернецца да маёмасьці сваёй.

28 Калі не здабудзе рука ягоная належных сродкаў на выкуп, маёмасьць застанецца ў валоданьні таго, хто купіў, аж да юбілейнага году. А ў юбілейны год яна выйдзе ад яго, і вернецца [ранейшы ўладальнік] да маёмасьці сваёй.

29 Калі хто прадасьць дом жылы ў горадзе, [які акружаны] мурам, той будзе [мець права] выкупу аж да канца году продажу; столькі дзён будзе [права] выкупу.

30 Калі дом ня выкупяць на працягу году, дом у горадзе, акружаным мурам, застанецца назаўсёды ўласнасьцю таго, хто купіў, і нашчадкаў яго. Ня выйдзе [з рук іхніх] у юбілейны год.

31 А дамы ў вёсках, якія не акружаныя мурам, бу­дуць лічыцца на роўні з зямлёю; будуць яны падлягаць выкупу, а ў юбілейным годзе выйдуць з валоданьня таго, хто купіў.

32 Што да гарадоў лявітаў і дамоў у гарадах, якія яны маюць на ўласнасьць, дык лявіты заўсёды могуць выкупіць [дамы свае].

33 Калі хто купіць у лявітаў дом у горадзе, маёмасьць гэтая выйдзе з рук ягоных у юбілейным годзе, бо дамы лявітаў — гэта маёмасьць іхняя сярод сыноў Ізраіля.

34 Таксама палёў вакол гарадоў іхніх нельга прадаваць, бо гэта іх маёмасьць вечная.

35 Калі брат твой зьбяднее і аслабее рука ягоная, ты падтрымай яго, каб ён мог жыць з табою як прыхадзень або пасяленец.

36 Не бяры ад яго ані адсоткаў, ані ліхвы. Бойся Бога твайго, каб брат твой мог жыць у цябе.

37 Не давай яму грошы твае на адсоткі і не вымагай ад яго ліхвы за ежу тваю.

38 Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаан і каб быць вашым Богам!

39 Калі брат твой з убогасьці змушаны будзе прадацца табе, не прыціскай яго працаю нявольнічай,

40 але будзеш з ім абыходзіцца як з парабкам і пасяленцам. Будзе ён табе служыць да юбілейнага году,

41 а тады выйдзе ён, і сыны ягоныя з ім і вернецца да сям'і сваёй, і вернецца ў валоданьне бацькоў сваіх.

42 Бо яны — нявольнікі Мае, якіх Я вывеў з зямлі Эгіпецкай; не павінны яны быць прадаваныя як нявольнікі.

43 Ня будзеш уціскаць іх сурова, але будзеш баяцца Бога твайго.

44 Нявольнік твой або нявольніца твая няхай будуць купленыя ў народаў, якія вакол цябе, у іх купляй нявольніка і нявольніцу.

45 Таксама купляйце дзяцей пасяленцаў, якія пасяліліся ў вас, і з сем’яў іхніх, якія жывуць у вас, і якія нарадзіліся ў зямлі вашай. Яны будуць уласнасьцю вашай,

46 і як спадчыну перадавайце іх сынам вашым, і мейце іх назаўсёды як нявольнікаў. Але над братамі сваімі, сынамі Ізраіля, не пануйце сурова.

47 Калі прыхадзень або пасяленец твой разбагацее, а брат твой зьбяднее і прадасьць сябе прыхадню, які пасяліўся ў цябе, або нашчадку сям’і прыхадня,

48 пасьля продажу можа ён быць выкуплены. Няхай адзін з братоў ягоных выкупіць яго.

49 Або дзядзька ягоны, або сын дзядзькі, або нехта са сваякоў з сям'і ягонай няхай выкупіць яго. Або калі знойдзе [сілу] рука ягоная, няхай выкупіць сам сябе.

50 І ён разьлічыцца з тым, хто купіў яго, пачынаючы з таго году, калі ён прадаў сябе, да юбілейнага году, і грошы, за якія ён прадаў сябе, належыць аддаць яму паводле ліку гадоў; як дні найміта, колькі ён павінен быць у яго.

51 Калі да юбілейнага году застаецца шмат гадоў, адпаведна ліку іх няхай верне ён срэбра як выкуп свой.

52 А калі застаецца мала гадоў да юбілейнага году, ён палі­чыць іх і, адпаведна ліку тых гадоў, заплаціць выкуп свой.

53 Ён будзе ў [прыхадня] як найміт, з году на год. Няхай ён не ўціскае яго строга на вачах тваіх.

54 Калі ж такім чынам выкупіцца ня зможа, у юбілейным годзе выйдзе [вольны] ён і сыны ягоныя з ім.

55 Бо сыны Ізраіля — гэта нявольнікі Мае, якіх Я вывеў з зямлі Эгіпецкай. Я — ГОСПАД, Бог ваш!

Сачыце за намі:



Аб'явы