ЛЯВІТ 24 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ляв 24 1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 2 «Загадай сынам Ізраіля, каб прынесьлі табе для сьвечніка найчысьцейшага алею, выціснутага з алівак, празрыстага, каб гарэлі лямпы [сьвечніка] заўсёды. 3 Прыгатуе яго Аарон за заслонай сьведчаньня ў Намёце Спатканьня, каб заўсёды ад вечара аж да раніцы гарэў перад абліччам ГОСПАДА. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых. 4 Прыгатуе ён тыя лямпы на чыстым сьвечніку, каб гарэлі заўсёды перад абліччам ГОСПАДА. 5 Вазьмі таксама мукі і сьпячы з яе дванаццаць боханаў [хлеба]; у кожным бохане павінна быць дзьве дзясятых эфы. 6 І пакладзеш іх у два шэрагі, па шэсьць у кожным шэрагу, на чыстым стале перад абліччам ГОСПАДА, 7 і пакладзеш на кожны шэраг найчысьцейшага кадзіла; гэта будзе памятная частка хлеба, ахвяра агнявая для ГОСПАДА. 8 У кожную суботу заўсёды будуць класьці іх перад абліччам ГОСПАДА як дар ад сыноў Ізраіля, як запавет вечны. 9 Яны належаць Аарону і сынам ягоным, каб спажывалі іх у месцы сьвятым, бо гэта сьвятое сьвятых, гэта [належыць] яму спаміж ахвяраў агнявых для ГОСПАДА. Гэта пастанова вечная». 10 І выйшаў спаміж сыноў Ізраіля сын адной Ізраільцянкі, народжаны ад Эгіпцяніна. І ён пасварыўся ў табары з адным Ізраільцянінам, 11 і сын Ізраільцянкі блюзьніў супраць імя [Госпада], і кляў Яго. І прывялі яго да Майсея. Імя маці ягонай — Шэляміт, дачка Дыбры, з калена Дана. 12 Аддалі яго пад варту, пакуль ня высьветліцца, што [прамовяць] вусны ГОСПАДА. 13 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 14 «Выведзі блюзьнерцу па-за табар, і ўсе, хто яго чуў, паложаць рукі свае на галаву ягоную, і ўся грамада ўкамянуе яго. 15 А да сыноў Ізраіля прамоў, кажучы: “Чалавек, які будзе клясьці Бога свайго, панясе грэх свой. 16 І хто зблюзьніць супраць імя ГОСПАДА, сьмерцю памрэ. Уся грамада, камянуючы, укамянуе яго, ці ён будзе прыхадзень, ці тутэйшы. Хто блюзьніць на імя ГОСПАДА, той сьмерцю памрэ. 17 Хто ўдарыць і заб’е душу чалавечую, сьмерцю памрэ. 18 Хто заб’е жывёлу, будзе абавязаны да звароту: жывёлу за жывёлу. 19 Калі хто скалечыць бліжняга свайго, як ён зрабіў, так і яму зробяць. 20 Пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб. У які спосаб ён скалечыў, такім чынам і ён будзе скалечаны. 21 Хто заб’е жывёлу, аддасьць іншую [жывёлу]; хто заб’е чалавека, сьмерцю памрэ. 22 Роўны суд няхай будзе ў вас, ці для прыхадня, ці для тутэйшага. Бо Я — ГОСПАД, Бог ваш!”» 23 І прамовіў Майсей да сыноў Ізраіля, і вывелі блюзьнерцу па-за табар і ўкаменавалі яго камянямі. І сыны Ізраіля зрабілі так, як загадаў ГОСПАД Майсею. |