Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛЯВІТ 2 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Ляв 2

1 Калі хто захоча скласьці ахвяру хлебную ГОСПАДУ, няхай прынясе пшанічнай мукі, зьмяшае яе з алеем і дадасьць да яе кадзіла,

2 потым прынясе яе да сьвятароў, сыноў Аарона, і возьме сьвятар поўную жменю мукі з алеем і з усім кадзілам і спаліць гэта як памятную частку на ахвярніку; гэта ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.

3 А што застанецца ад ахвяры хлебнай, будзе для Аарона і сыноў ягоных. Гэта сьвятое сьвятых з ахвяраў агнявых для ГОСПАДА.

4 Калі захочаш скласьці ахвяру хлебную, з мукі, печанай у печы, няхай гэта будуць праснакі, запраўленыя алеем, ці аладкі прэсныя, памазаныя алеем.

5 Калі ахвяра тая будзе з патэльні, няхай будзе з пшанічнай мукі, няквашанай, запраўленай алеем.

6 Падзеліш яе на кавалкі і пальеш яе алеем. Гэта ахвяра хлебная.

7 Калі ахвяра твая будзе ў гаршчку смажаная, няхай яна будзе з мукі, запраўленай алеем.

8 Тады прынясеш гэтак прыгатаваную ахвяру ГОСПАДУ і аддасі яе ў рукі сьвятара, а ён прынясе яе да ахвярніка;

9 і возьме сьвятар памятную частку яе, і спаліць на ахвярніку; гэта ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.

10 А ўсё, што застанецца, будзе для Аарона і сыноў ягоных. Гэта сьвятое сьвятых з ахвяраў агнявых для ГОСПАДА.

11 Усякая ахвяра з мукі, якую складаеце Госпаду, няхай ня будзе квашанай, бо анічога квашанага, ані мёду не павінны вы паліць у ахвяру ГОСПАДУ.

12 Прыносьце гэтыя рэчы як пяршыны, як дары ГОСПАДУ, але не кладзіце іх на ахвярнік, каб паліць на пах прыемны.

13 Кожную ахвяру, якую складаеш з ежы, пасалі сольлю. І не пакідай хлебнай ахвяры тваёй бяз солі запавету Бога твайго. Кожную ахвяру тваю пасалі сольлю.

14 Калі прыносіш ахвяру з пяршынаў пладоў тваіх ГОСПАДУ, прынось каласы, высушаныя на агні, або тоўчанае зерне як ахвяру хлебную,

15 палі іх алеем і палажы на іх кадзіла. Гэта ахвяра хлебная.

16 І спаліць сьвятар як памятную частку з тоўчанага зерня і алею з усім кадзілам. Гэта ахвяра агнявая для ГОСПАДА.

Сачыце за намі:



Аб'явы