ЛЯВІТ 17 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ляв 17 1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 2 «Прамоў да Аарона, і да сыноў ягоных, і да ўсіх сыноў Ізраіля, і скажы ім: “Гэта слова, якое загадаў ГОСПАД. 3 Калі хто з дому Ізраіля заб’е вала, або авечку, або казу ў табары або па-за табарам 4 і не прывядзе іх да ўваходу ў Намёт Спатканьня, каб скласьці ў ахвяру ГОСПАДУ перад сялібай ГОСПАДА, будзе вінен крыві. Ён праліў кроў, і будзе выключаны той чалавек з народу свайго. 5 Дзеля таго сыны Ізраіля будуць прыводзіць ахвяры свае, якія дасюль складалі ў полі, да ГОСПАДА да ўваходу ў Намёт Спатканьня, да сьвятара, і будуць складаць іх як ахвяры мірныя для ГОСПАДА. 6 І пакропіць сьвятар крывёй ахвярнік ГОСПАДА пры ўваходзе ў Намёт Спатканьня, а тлушч спаліць на мілы пах ГОСПАДУ. 7 Ужо ня будуць складаць ахвяраў для казлоў, з якімі распусьнічалі. Гэта будзе ім пастанова вечная для пакаленьняў іхніх”. 8 І скажаш ім: “Калі хто з дому Ізраіля або з прыхадняў, якія жывуць сярод вас, будзе складаць ахвяру цэласпаленьня або [іншую] ахвяру 9 і не прывядзе яе да ўваходу ў Намёт Спатканьня, каб ахвяраваць ГОСПАДУ, будзе чалавек той выключаны з народу свайго. 10 Калі хто з дому Ізраіля або з прыхадняў, якія жывуць сярод вас, будзе есьці кроў, Я скірую аблічча Маё супраць душы, якая есьць кроў, і вынішчу яе спаміж народу яе. 11 Бо душа цела ў крыві, і Я даў яе вам, каб на ахвярніку перамольвалі ёю за душы вашыя, бо кроў перамольвае за душу. 12 Дзеля таго Я сказаў сынам Ізраіля: "Ніхто з вас ня будзе спажываць крыві". І прыхадзень, які жыве сярод вас, ня будзе спажываць крыві. 13 Калі хто з сыноў Ізраіля або з прыхадняў, якія жывуць сярод вас, упалюе дзікага зьвера або птушку, якіх можна есьці, няхай вылье з іх кроў і закрые яе пылам [зямлі]. 14 Бо душа кожнага цела ў крыві ягонай; і Я сказаў сынам Ізраіля: "Не спажывайце крыві ніводнага цела, бо душа кожнага цела ў крыві ягонай. Кожны, хто будзе спажываць яе, будзе вынішчаны". 15 Кожны тутэйшы або прыхадзень, які будзе есьці мяса падліны або разьдзёртай [жывёлы], няхай памые адзеньне і вымыецца ў вадзе, і будзе ён нячысты да вечара, а [пасьля] станецца чыстым. 16 Калі ж хто не памые адзеньня і ня вымые цела свайго, будзе насіць правіну сваю”». |