Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛЯВІТ 15 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Ляв 15

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:

2 «Аб’явіце сынам Ізраіля і скажыце ім: “Мужчына, які мае выцёкі з цела свайго, нячысты.

3 Нячыстасьць яго ў выцёках ягоных, калі цела ягонае дапускае выцёк, ці калі затрымоўваецца выцёк у целе; гэта нячыстасьць ягоная.

4 Кожны ложак, на якім ляжаў той, хто мае выцёкі, бу­дзе нячысты, а таксама ўсякая рэч, на якой ён сядзеў.

5 Кожны, хто дакранецца ложка ягонага, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў ва­дзе, і будзе нячысты да вечара.

6 Той, хто сеў на рэчы, на якіх сядзеў той, хто мае выцёкі, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

7 Той, хто дакранецца цела чалавека, які мае выцёкі, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

8 Калі той, хто мае выцёкі, плюне на [чалавека] чыстага, той няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

9 Кожнае сядло, на якім сядзеў [чалавек], што мае выцёкі, будзе нячыстае.

10 Кожны, хто дакранецца чаго-колечы, што той, хто мае выцёкі, меў пад сабою, будзе нячысты аж да вечара. Кожны, хто пераносіць такія рэчы, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

11 Кожны, да каго дакранецца той, хто мае выцёкі, не памыўшы перш рукі ў вадзе, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

12 Кожны посуд гліняны, да якога дакранаецца той, хто мае выцёкі, няхай будзе пабіты, а кожны посуд драўляны няхай будзе вымыты ў вадзе.

13 Калі той, хто мае выцёкі, паздаравее ад выцёкаў, тады няхай адлічыць сем дзён на ачышчэньне сваё, і, памыўшы адзеньне сваё і цела сваё ў жывой вадзе, будзе чысты.

14 У восьмы дзень возьме дзьвюх туркавак або двух маладых галубоў, і пойдзе перад аблічча ГОСПАДА да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і аддасьць іх сьвятару.

15 Сьвятар складзе іх у ахвяру: аднаго — у ахвяру за грэх, другога — у ахвяру цэласпаленьня, і перапросіць за яго сьвятар перад абліччам ГОСПАДА за выцёкі ягоныя.

16 Калі ў каго выльецца насеньне, няхай ён абмые вадою ўсё цела сваё, і будзе нячысты да вечара.

17 І ўсякае адзеньне, і ўсякую скуру, на якую выльецца насеньне, трэба вымыць вадою, і яны будуць нячыстыя да вечара.

18 Калі мужчына ляжа з жанчынаю, і ў яго выльецца насень­не, няхай абодва абмыюцца ў вадзе, і будуць нячыс­тыя да вечара.

19 Калі жанчына мае цячэньне крыві з цела свайго, і гэта ме­сячніца, яна сем дзён будзе ў ня­чыстасьці сваёй. Кожны, хто яе дакранецца, будзе нячысты да вечара,

20 і ўсё, на чым яна ляжала або сядзела ў дні нячыстасьці сваёй, будзе нячыстым.

21 Хто дакранецца ложка ейнага, няхай памые адзеньне сваё і вымыецца ў вадзе, і бу­дзе нячысты да вечара.

22 Кожны, хто дакранецца рэчаў, на якіх яна сядзела, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

23 Калі хто дакранецца таго, што ляжала на ложку яе, або на рэчах, на якіх яна ся­дзела, будзе нячысты да вечара.

24 Калі мужчына ляжа тады з ёю, нячыстасьць ейная будзе на ім, і ён будзе нячысты сем дзён. Кожны ложак, на які ён ляжа, будзе нячысты.

25 Калі жанчына церпіць цячэньне крыві многія дні і ня ў час месячніцы, або калі пасьля месячніцы кроў не спыняецца, яна нячыстая ўсе гэтыя дні; як доўга будзе мець нячыс­тасьць сваю, будзе нячыстая.

26 Кожны ложак, на якім бу­дзе ляжаць яна падчас цячэньня крыві сваёй, і рэчы, на якіх будзе сядзець, будуць нячыс­ты­мі, як нячыстыя падчас месячніцы яе.

27 Хто дакранецца іх, бу­дзе ня­чысты, няхай памые адзе­нь­не сваё ў вадзе, і вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

28 Калі кроў спыніцца цячы, няхай яна адлічыць сем дзён, і потым будзе чыстая.

29 У восьмы дзень возьме яна за сябе дзьвюх туркавак або двух маладых галубоў і прынясе сьвятару да ўваходу ў Намёт Спатканьня.

30 Сьвятар складзе аднаго ў ахвяру за грэх, а другога — на цэласпаленьне, і перапро­сіць за яе сьвятар перад абліччам ГОСПАДА за цячэньне нячыстасьці яе.

31 Аддзяляйце сыноў Ізраіля ад нячыстасьці іхняй, каб яны не памерлі ў нячыстасьці сваёй, паганячы Сялібу Маю, якая ёсьць сярод іх.

32 Гэта закон адносна таго, хто мае выцёкі насеньня і стаецца нячыстым,

33 і адносна жанчыны, якая мае месячніцу, і адносна муж­чы­ны і жанчыны, якія ма­юць выцёкі, і адносна мужчы­ны, які ляжа з жанчынай нячыстай”».

Сачыце за намі:



Аб'явы