ЛЯВІТ 14 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ляв 14 1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 2 «Гэта закон адносна пракажонага ў дзень ачышчэньня ягонага. Няхай прывядуць яго да сьвятара, 3 і сьвятар выйдзе па-за табар, і агледзіць яго сьвятар, і вось, хвароба праказы вылечаная ў пракажонага. 4 І загадае сьвятар, каб за таго, які ачышчаны, узялі дзьве птушкі жывыя, чыстыя, і дрэва кедровага, і ніткі кармазыновыя, і гізоп. 5 І сьвятар загадае забіць адну птушку над гліняным начыньнем, [напоўненым] вадой жывою. 6 І возьме другую жывую птушку разам з дрэвам кедровым, і ніткі кармазыновыя, і гізоп, і ўмочыць іх і птушку жывую ў крыві [птушкі], забітай над вадою жывою, 7 і папырскае на ачышчанага ад праказы сем разоў, і прызнае яго чыстым. А птушку жывую выпусьціць у поле. 8 Ачышчаны памые адзеньне сваё, абголіць усе валасы свае, і вымыецца ў вадзе, і будзе чысты. Пасьля ачышчаны ўвойдзе ў табар і будзе жыць сем дзён па-за намётам сваім. 9 У сёмы дзень абголіць ён усе валасы свае, абголіць галаву і бараду, і бровы свае, вымые адзеньне, абмые цела сваё вадой і будзе чысты. 10 У восьмы дзень возьме ён двух ягнятаў без заганы, адну авечку аднагадовую без заганы і тры дзясятыя [эфы] пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, як ахвяру хлебную, і адзін лог алею. 11 І сьвятар, які ачышчае, паставіць чалавека ачышчанага з усім гэтым перад абліччам ГОСПАДА каля ўваходу ў Намёт Спатканьня. 12 І сьвятар возьме адно ягня, і складзе яго ў ахвяру аднагараджэньня, і [возьме] лог алею, і прынясе ўсё гэта, патрэсваючы перад абліччам ГОСПАДА. 13 І заб’е ягня гэтае на месцы, на якім забіваюцца ахвяры за грэх і ахвяры цэласпаленьня, на месцы сьвятым, бо ахвяра аднагараджэньня, як і ахвяра за грэх, [належыць] сьвятару; гэта сьвятое сьвятых. 14 І возьме сьвятар кроў ахвяры аднагараджэньня, і памажа ёю верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі. 15 І возьме сьвятар лог алею, і вылье яго на [сваю] левую далонь. 16 І памочыць сьвятар палец правай рукі сваёй у алеі, які на яго левай далоні, і пакрапіць пальцам, памочаным у алеі, сем разоў перад абліччам ГОСПАДА. 17 Рэштаю алею, што на далоні ягонай, сьвятар памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі над крывёй ахвяры аднагараджэньня. 18 А рэшту алею, якая на далоні сьвятара, вылье ён на галаву таго, хто ачышчаецца. Гэтак перапросіць за яго сьвятар перад абліччам ГОСПАДА. 19 І складзе сьвятар ахвяру за грэх, і перапросіць за таго, хто ачышчаецца, за нячыстасьць ягоную, і пасьля складзе ахвяру цэласпаленьня. 20 І складзе сьвятар ахвяру цэласпаленьня на ахвярніку разам з ахвярай хлебнай. І так сьвятар ачысьціць таго [чалавека], і будзе ён чысты. 21 Калі ж хто бедны і няма ў руцэ ягонай дастатку, няхай возьме адно ягня ў ахвяру аднагараджэньня для патрэсваньня, каб быць ачышчаным, а таксама дзясятую частку [эфы] мукі, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную, і лог алею, 22 і дзьве туркаўкі або два маладыя галубы, на што будзе здольная рука ягоная; адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую — на цэласпаленьне. 23 І прынясе іх на восьмы дзень ачышчэньня свайго да сьвятара да ўваходу ў Намёт Спатканьня перад аблічча ГОСПАДА. 24 І сьвятар возьме ягня ў ахвяру аднагараджэньня і лог алею, і будзе патрэсваць патрэсваньнем перад абліччам ГОСПАДА. 25 І заб’е ягня ў ахвяру аднагараджэньня, і возьме сьвятар кроў ахвяры аднагараджэньня, і памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, і вялікі палец яго правай рукі, і вялікі палец яго правай нагі. 26 І налье сьвятар алей на левую далонь сваю, 27 і, памачыўшы ў ім палец правай рукі сваёй, пакрапіць сем разоў перад абліччам ГОСПАДА. 28 І сьвятар памажа алеем, які ў яго на далоні, верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі ў месцы крыві ахвяры аднагараджэньня. 29 А рэшту алею, што застаўся на левай руцэ яго, вылье сьвятар на галаву таго, хто ачышчаецца, каб перапрасіць за яго перад абліччам ГОСПАДА. 30 І ахвяруе адну туркаўку або маладога галуба, якога прынясе рука таго, хто ачышчаецца, 31 і ахвяруе аднаго за грэх, а другога на цэласпаленьне разам з ахвярай хлебнай, і так ачысьціць яго сьвятар перад абліччам ГОСПАДА. 32 Гэта закон адносна пракажонага, якому не стае [маёмасьці] ў руцэ ягонай дзеля ачышчэньня свайго». 33 І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы: 34 «Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, якую Я дам вам на ўласнасьць, і калі спашлю хваробу праказы на нейкі дом у зямлі пасяленьня вашага, 35 няхай той, чый гэта дом, ідзе і паведаміць сьвятару, кажучы: “Хваробу я ўгледзеў у доме [маім]”. 36 І сьвятар загадае, каб прыбралі ўсё з дому, пакуль ён увойдзе ў яго, каб агледзець заразу, каб яна не апаганіла ўсяго, што ў доме. І ўвойдзе сьвятар, каб агледзець дом. 37 І ён агледзіць хваробу тую, і вось, на сьценах хвароба дому, нібы ямінкі, зелянявыя ці чырвоныя, што ўеліся ў сьцяну. 38 І выйдзе сьвятар з дому да дзьвярэй дому, і зачыніць дом на сем дзён. 39 У сёмы дзень вернецца сьвятар і агледзіць [дом]. І вось, пашырылася хвароба на сьцяне дому. 40 І загадае сьвятар, і вырвуць тыя камяні заражаныя, і выкінуць іх за горад на месца нячыстае. 41 А дом кругом унутры абскрабуць, і тынк, які абскрэблі, выкінуць на месца нячыстае за горадам. 42 І возьмуць іншыя камяні, і пакладуць на месца папярэдніх камянёў, і возьмуць іншую заправу, і атынкуюць дом. 43 Калі ж зараза зноў закрасавала ў доме, хоць вырвалі камяні, а дом абскрэблі і атынкавалі, 44 прыйдзе сьвятар і агледзіць яго. І вось, зараза ў доме пашырылася, гэта ліхая праказа ў доме гэтым, і ён нячысты. 45 І дом гэты зруйнуюць, а камяні, і дрэва, і ўвесь тынк дому таго выкінуць за горад у месца нячыстае. 46 І калі нехта ўвойдзе ў дом, калі ён зачынены, будзе ён нячысты да вечара. 47 А калі нехта сьпіць у доме гэтым або есьць у доме гэтым, няхай памые адзеньне сваё. 48 А калі сьвятар прыйдзе, і агледзіць яго, і вось, зараза не пашырылася ў доме гэтым пасьля атынкаваньня, сьвятар прызнае гэты дом чыстым, бо зараза была вылекавана. 49 І дзеля ачышчэньня дому сьвятар возьме дзьве птушкі, кавалак дрэва кедровага, ніткі кармазыновыя і гізоп. 50 І заб’е адну птушку над пасудзінай глінянай над вадою жывою. 51 І возьме дрэва кедровае, гізоп, ніткі кармазыновыя і жывую птушку, памочыць іх у крыві забітай птушкі і ў вадзе жывой, і пакрапіць сем разоў дом. 52 І ачысьціць дом той крывёй птушкі, і вадой жывой, і дрэвам кедровым, і ніткамі кармазыновымі, і гізопам. 53 А жывую птушку пусьціць за горадам у полі. І перапросіць за дом гэты, і ён будзе чыстым. 54 Гэта закон адносна ўсякай заразы, праказы і паршывасьці, 55 праказы на адзеньні і ў доме, 56 пухліны, скулаў і белых плямаў, 57 каб навучыць, калі што чыстае, а калі нячыстае. Гэта закон адносна праказы». |