ЛЯВІТ 12 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ляв 12 1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 2 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы: “Калі жанчына зачне і народзіць сына, сем дзён застанецца нячыстай; як у дні месячніцы яна будзе нячыстай. 3 А ў восьмы дзень будзе абрэзана скуравінка [хлопца], 4 а яна трыццаць тры дні будзе ачышчацца ад крыві сваёй, ня будзе дакранацца нічога сьвятога, і ня будзе ўваходзіць у сьвятыню, пакуль ня скончацца дні ачышчэньня ейнага. 5 Калі народзіць дачку, нячыстай будзе яна два тыдні як у [дні] месячніцы, і шэсьцьдзясят дзён будзе ачышчацца ад крыві сваёй. 6 Калі скончацца дні ачышчэньня ейнага дзеля [нараджэньня] сына або дачкі, прынясе яна аднагадовага барана ў ахвяру цэласпаленьня і маладога галубка або туркаўку ў ахвяру за грэх да сьвятара да ўваходу ў Намёт Спатканьня. 7 І ён складзе іх у ахвяру перад абліччам ГОСПАДА, і ачысьціць яе, і так будзе яна ачышчаная ад цячэньня крыві сваёй. Гэта закон адносна той, якая нарадзіла сына або дачку. 8 Калі б яна не змагла ахвяраваць барана, няхай ахвяруе двух туркавак або два маладыя галубкі, аднаго ў ахвяру цэласпаленьня, а другога ў ахвяру за грэх, і ачысьціць яе сьвятар, і яна будзе ачышчаная». |