ЛУКАША 7 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Лк 7 1 Калі ж Ён скончыў [гаварыць] усе словы Свае ў вушы народу, увайшоў у Капэрнаум. 2 У аднаго ж сотніка слуга, якога той цаніў, быў хворы пры сьмерці. 3 Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго старшыняў Юдэйскіх прасіць Яго, каб прыйшоў аздаравіць слугу ягонага. 4 І яны, прыйшоўшы да Ісуса, дужа прасілі Яго, кажучы: «Ён варты, каб Ты зрабіў для яго гэтае, 5 бо ён любіць народ наш і пабудаваў нам сынагогу». 6 Ісус пайшоў з імі. А калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: “Не турбуйся, Госпадзе! Бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, 7 бо і сябе самога я не палічыў вартым прыйсьці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой. 8 Бо і я чалавек, які маю над сабою ўладу, і маю пад сабою жаўнераў; і кажу аднаму: “Пайдзі”, — і ён ідзе; і другому: “Прыйдзі”, — і ён прыходзіць; і слузе майму: “Зрабі тое”, — і ён робіць». 9 Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся з яго і, павярнуўшыся, сказаў натоўпу, які ішоў за Ім: «Кажу вам, што нават у Ізраілю не знайшоў Я гэткае веры». 10 І вярнуўшыся ў дом, пасланыя знайшлі хворага слугу паздаравеўшым. 11 І сталася пасьля гэтага, пайшоў Ён у горад, называны Наін; і з Ім ішлі многія з вучняў Ягоных і шматлікі натоўп. 12 Калі ж Ён наблізіўся да брамы гораду, вось, выносілі памёршага, адзінароднага сына ў маці сваёй, а яна была ўдава; і вялікі натоўп з гораду ішоў з ёю. 13 І, убачыўшы яе, Госпад зьлітаваўся над ёю і сказаў ёй: «Ня плач». 14 І, падыйшоўшы, дакрануўся да пахавальных насілак; а тыя, што несьлі іх, затрымаліся, і Ён сказаў: «Юнача, табе кажу: "Устань!"» 15 І сеў мёртвы, і пачаў гаварыць; і Ён аддаў яго маці ягонай. 16 І ўсіх ахапіў страх, і яны славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў між намі», і: «Бог адведаў народ Свой». 17 І разыйшлося слова гэтае пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы. 18 І паведамілі Яну вучні ягоныя пра ўсё гэтае. 19 І, паклікаўшы двух з вучняў сваіх, Ян паслаў іх да Ісуса, кажучы: «Ці Ты Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?» 20 А мужы [гэтыя], прыйшоўшы да Яго, сказалі: «Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе, кажучы: “Ці Ты Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?”» 21 У гэтую гадзіну Ён многіх аздаравіў ад хваробаў і немачаў, і ад злых духаў, і многім сьляпым вярнуў зрок. 22 І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Пайдзіце, паведаміце Яну, што вы бачылі і чулі, што сьляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, убогім дабравесьціцца. 23 І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне». 24 Калі ж пасланцы Яна пайшлі, Ён пачаў гаварыць да натоўпаў пра Яна: «Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, якую вецер хістае? 25 Але што хадзілі вы ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што ў пышным адзеньні і жывуць раскошна, знаходзяцца пры дварох валадарскіх. 26 Але што хадзілі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока. 27 Ён ёсьць той, пра якога напісана: “Вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою”. 28 Бо кажу вам: "Сярод народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока, большага за Яна Хрысьціцеля; але меншы ў Валадарстве Божым большы за яго". 29 І ўвесь народ, які слухаў яго, і мытнікі аддалі хвалу Богу, хрысьцячыся хрышчэньнем Янавым; 30 а фарысэі і законьнікі адкінулі параду Божую для іх, не ахрысьціўшыся ў яго». 31 Госпад жа сказаў: «З кім параўнаю людзей пакаленьня гэтага? І да каго яны падобныя? 32 Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы, і клічуць адзін аднаго, і кажуць: “Мы гралі вам на жалейцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі”. 33 Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, ані хлеба ня есьць, ані віна ня п’е, і вы кажаце: “Дэмана мае”. 34 Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е, і вы кажаце: “Вось, чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў”. 35 І апраўдана мудрасьць усімі дзецьмі яе». 36 Нехта з фарысэяў прасіў Яго паесьці разам з ім, і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, узьлёг. 37 І вось жанчына з таго гораду, якая была грэшніцай, даведаўшыся, што Ён узьлягае ў доме фарысэя, прынесла алябастравы збанок міра, 38 і, стаўшы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя сьлязьмі, і выцірала валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Ягоныя, і мазала мірам. 39 Бачачы гэтае, фарысэй, які быў запрасіў Яго, сказаў сам у сабе: «Калі б Ён быў прарок, дык ведаў бы, хто і якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна — грэшніца». 40 І, адказваючы, Ісус сказаў яму: «Сымоне, Я маю нешта сказаць табе». Ён жа кажа: «Кажы, Настаўнік». 41 [Ісус сказаў]: «У аднаго пазычальніка былі два даўжнікі: адзін быў вінен пяцьсот дынараў, а другі — пяцьдзясят. 42 А як яны ня мелі, чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Скажы, каторы з іх больш узьлюбіць яго?» 43 Адказваючы, Сымон сказаў: «Думаю, што той, якому больш дараваў». Ён жа сказаў яму: «Слушна ты пастанавіў». 44 І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: «Ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі ня даў; а яна сьлязьмі абліла ногі Мае і валасамі галавы сваёй выцерла. 45 Ты пацалунку Мне ня даў, а яна, як толькі Я прыйшоў, не перастае цалаваць ногі Мае. 46 Ты галавы Мне алеем не памазаў; а яна мірам памазала ногі Мае. 47 Дзеля гэтага кажу табе: даруюцца многія грахі яе за тое, што яна шмат узьлюбіла; а каму мала даруецца, той мала любіць». 48 А ёй сказаў: «Адпускаюцца табе грахі». 49 І тыя, што ўзьлягалі з Ім, пачалі гаварыць у сабе: «Хто Ён ёсьць, што і грахі адпускае?» 50 А Ён сказаў жанчыне: «Вера твая збавіла цябе; ідзі ў супакоі». |