ЛУКАША 21 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Лк 21 1 Глянуўшы ж, убачыў Ён багацеяў, якія кідалі дары свае ў скарбніцу. 2 І ўбачыў адну бедную ўдаву, якая кінула туды дзьве лепты, 3 і сказаў: «Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава кінула больш за ўсіх, 4 бо ўсе тыя з лішку свайго кідалі ў дар Богу, а яна з нястачы сваёй кінула ўсё ўтрыманьне сваё, якое мела». 5 І, калі некаторыя гаварылі пра сьвятыню, што яна аздоблена каштоўнымі камянямі і дарамі, Ён сказаў: 6 «Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца камяня на камяні, які б ня быў зруйнаваны». 7 Спыталіся ж у Яго, кажучы: «Настаўнік! Калі ж гэта мае быць? І які знак, калі гэта мае стацца?» 8 Ён жа сказаў: «Глядзіце, каб вас не падманулі, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я, і гэты час наблізіўся. Не хадзіце за імі. 9 Калі ж пачуеце пра войны і бязладзьдзе, не жахайцеся, бо гэта мусіць стацца спачатку, але не адразу канец». 10 Тады сказаў ім: «Паўстане народ на народ, і валадарства на валадарства, 11 А месцамі будуць вялікія землятрусы, і голад, і пошасьць, таксама страхі і знакі з неба вялікія будуць. 12 А перад усім гэтым ускладуць на вас рукі і будуць перасьледаваць вас, выдаючы ў сынагогі і вязьніцы, ведучы да валадароў і ваяводаў дзеля імя Майго. 13 А станецца гэта дзеля сьведчаньня вам. 14 Дык палажыце ў сэрцах вашых не абдумваць раней, як адказваць, 15 бо Я дам вам вусны і мудрасьць, якой ня здолеюць ані пярэчыць, ані супрацьстаяць усе супраціўнікі вашыя. 16 А будзеце выдадзеныя і бацькамі, і братамі, і сваякамі, і сябрамі; і некаторых з вас пазабіваюць, 17 і будуць ненавідзець вас усе дзеля імя Майго, 18 але і волас з галавы вашай не прападзе. 19 У цярплівасьці вашай здабывайце душы вашыя. 20 Калі ж убачыце Ерусалім, акружаны войскам, тады разумейце, што наблізілася спусташэньне яго. 21 Тады тыя, хто ў Юдэі, няхай бягуць у горы; і тыя, хто пасярод гораду, няхай выходзяць; і тыя, хто ў ваколіцы, няхай не ўваходзяць у яго, 22 бо гэта дні помсты, каб споўнілася ўсё напісанае. 23 Гора ж тым, якія цяжарныя і якія кормяць грудзьмі, у тыя дні; бо будзе вялікае бедства на зямлі і гнеў на народзе гэтым. 24 І ўпадуць ад вострыва мяча, і павядуць іх у палон да ўсіх паганскіх народаў, і Ерусалім будуць таптаць пагане, пакуль ня скончацца часы паганаў. 25 І будуць знакі на сонцы, і месяцы, і зорках, і на зямлі ўціск народаў у зьбянтэжанасьці, як зараве і забушуе мора. 26 І дрантвець будуць людзі ад страху і чаканьня таго, што прыйдзе на сусьвет, бо сілы нябесныя захістаюцца. 27 І тады ўгледзяць Сына Чалавечага, Які прыходзіць у воблаку з моцаю і славаю вялікаю. 28 Калі ж пачне гэтае дзеяцца, выпрастуйцеся і падніміце галовы вашыя, таму што набліжаецца адкупленьне вашае». 29 І сказаў ім прыповесьць: «Глядзіце на фігавае дрэва і на ўсе дрэвы: 30 калі яны ўжо распускаюцца, убачыўшы, разумееце самі, што ўжо блізка лета. 31 Гэтак і вы, як убачыце, што гэтае стаецца, разумейце, што блізка ёсьць Валадарства Божае. 32 Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленьне гэтае, як усё гэта станецца. 33 Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць. 34 Пільнуйце ж самі сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя абжорствам, і п’янствам, і клопатамі жыцьцёвымі, і каб дзень той не прыйшоў да вас неспадзявана. 35 Бо ён, як пастка, спадзе на ўсіх, што жывуць на абліччы ўсёй зямлі. 36 Дык чувайце, молячыся ў-ва ўсякі час, каб вам быць вартымі ўцячы ад усяго, што мае стацца, і стаць перад Сынам Чалавечым». 37 Удзень Ён навучаў у сьвятыні; а ночы, выходзячы, праводзіў на гары, называнай Аліўнай. 38 І ўвесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў сьвятыню слухаць Яго. |